У ААН зарэгістраваны пазоў сям'і зніклага апазіцыянера да ўладаў Беларусі
10- 5.12.2008, 15:34
Пазоў Ірыны і Валерыі Красоўскіх быў зарэгістраваны ў Камітэце па правах чалавека ААН, і яго копія была адпраўленая адказчыку – уладам Беларусі.
Як паведамляе прэс-служба CIWR.ORG, пазоў сям'і Красоўскіх быў падрыхтаваны нідэрландскай адвакацкай канторай; ён складаецца са ста пунктаў, да яго прыкладзена 25 дакументаў агульным аб'ёмам больш за тысячу старонак. Ад свайго імя, а таксама ад імя Анатоля Красоўскага, які перанес гвалтоўнае знікненне 16 верасня 1999 года, Ірына і Валерыя Красоўскія заклікаюць улады Беларусі:
1) неадкладна дапытаць падазраваных у датычнасці да гвалтоўнага знікнення Анатоля Красоўскага, названых у спецыяльным Мемарандуме дэпутата Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы Хрыстаса Пургурыдзеса;
2) задаволіць шматлікія просьбы чальцоў сям'і Анатоля Красоўскага і міжнароднай супольнасці правесці стараннае адкрытае расследванне знікнення Анатоля Красоўскага;
3) ідэнтыфікаваць і паказаць месца пахавання Анатоля Красоўскага;
4) кампенсаваць ахвярам гвалтоўнага знікнення Анатоля Красоўскага маральную і матэрыяльную шкоду.
Паводле пазову Красоўскіх, улады Беларусі парушылі пункты 6, 7, 9 і 10 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Пазоў пададзены ў адпаведнасці з Факультатыўным пратаколам да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які з'яўляецца апошнім і практычна адзіным міжнародным дакументам, які падпісаны Беларуссю і які абавязвае яе несці адказнасць за злачынствы супраць уласных грамадзянаў.
Улады Беларусі маюць у сваім распараджэнні 6 месяцаў, каб адрэагаваць на пазоў Ірыны і Валерыі Красоўскіх. Пасля заканчэння гэтага тэрміна яны будуць вымушаныя адказаць на ўсе пункты пазову і/ці прызнаць сябе вінаватымі і, адпаведна, задаволіць патрабаванні ахвяраў.
16 верасня 1999 года віцэ-спікер Вярхоўнага Савета 13 склікання Віктар Ганчар і яго сябра, бізнэсмэн і грамадскі дзеяч Анатоль Красоўскі былі выкрадзеныя. Праваахоўнымі органамі было распачатае расследаванне, аднак усё вядомыя ў цяперашні час доказы былі сабраныя добраахвотнікамі. У тым ліку і выяўленыя на месцы выкрадання на вуліцы Фабрычнай у Менску аскепкі шкла аўтамабіля Анатоля Красоўскага і сляды крыві, ідэнтыфікаванай незалежнай экспертызай як кроў Віктара Ганчара. Гэтыя і іншыя сабраныя дадзеныя прасвятляюць дэталі выкрадання і ў вачах шырокай грамадскасці з'яўляюцца пацверджаннем таго, што яно было арганізаванае сіламі спецслужбаў, адзначае «Народная воля».
У чэрвені 2001 года сусветная грамадскасць атрымала ў распараджэнне паказанні следчых КДБ Петрушкевіча і Случака, якія распавялі падрабязнасці сістэмы фізічнай ліквідацыі непажаданых у Беларусі людзей, якая склалася за гады знаходжання Лукашэнкі ля улады і кантралюецца ім асабіста.
У 2004 году дэпутат Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы Хрыстас Пургурыдзес выступіў з Мемарандумам, дзе заявіў, што да гвалтоўных знікненняў у Беларусі датычныя беларускія чыноўнікі вышэйшага рангу. У выніку ПАСЕ прыняла рэзалюцыю, у якой заклікала Беларусь дапытаць названых у дакладзе падазраваных і правесці адкрытае расследаванне выпадкаў знікненняў. Беларусь дагэтуль ігнаруе патрабаванні ПАСЕ. Аб лёсах гвалтоўна зніклых Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зміцера Завадскага да гэтага часу нічога не вядома.