25 снежня 2024, Серада, 7:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Палатка» адклала прызнанне ПА і Абхазіі да вясны

17

«Палата прадстаўнікоў» вырашыла адкласці да вясны разгляд пытання аб прызнанні Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, бо яно «не з'яўляецца спешным і простым».

Пытанне аб прызнанні незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі можа быць разгледжанае «парламентам» Беларусі на вясновай сесіі, але перад гэтым неабходна ўважліва прааналізаваць наступствы прыняцця гэтага няпростага рашэння з пункту гледжання развіцця беларуска-расейскіх адносінаў і сітуацыі вакол непрызнаных на постсавецкай прасторы тэрыторыяў, лічаць беларускія «дэпутаты».

"Думаю, што на працягу будучага года будзе знойдзены варыянт вырашэння гэтай праблемы. Але варта абавязкова ўлічваць, што гэтая праблема датычыцца не толькі двух гэтых рэспублікаў", - заявіў у інтэрв'ю "Интерфаксу" старшыня камісіі па бюджэце і фінансах «савета рэспублікі» «нацыянальнага сходу» Вадзім Папоў, які ўзначальваў раней «палату прадстаўнікоў» мінулага склікання.

Паводле яго словаў, "сёння з трывогай на гэтыя працэсы глядзяць у Малдове, Арменіі і Азербайджане". "Не знятая з парадку дня праблема Косава", - сказаў Папоў. У гэтай сувязі, паводле яго словаў, "мы, прымаючы тое ці іншае рашэнне па Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, павінны ўлічваць усю разнастайнасць праблемаў, якія могуць паўстаць у перспектыве ў дачыненні да непрызнаных тэрыторыяў. Ці не выкліча гэта нейкіх выбуханебяспечных спробаў і дзеянняў з боку іншых непрызнаных тэрыторый, якіх на планеце дастаткова", - адзначыў кіраўнік камісіі.

У гэтым выпадку, лічыць Папоў, "галоўнае, каб мы не паслужылі дэтанатарам гэтых негатыўных працэсаў, тут ёсць асцярогі". "Пры ўсім паважлівым стаўленні да гэтых народаў (Абхазіі і Паўднёвай Асеціі - ИФ) мы павінны падыходзіць у гэтых палітычных пытанняў вельмі ўзважана і вельмі акуратна. Каб не наламаць дроваў на перспектыву", - заявіў ён.

Кіраўнік камісіі верхняй палаты «парламента» Беларусі падкрэсліў, што "сам факт прызнання парламентам, дзяржавай незалежнасці гэтых рэспублікаў - гэта працэс дастаткова няпросты". Між тым, сказаў Папоў, "ідзе праца па вывучэнні гэтага пытання, сумоўе і абмеркаванне". Паводле словаў «дэпутата», новы склад «парламента» Беларусі не паспеў вынесці яго на разгляд у сувязі з тым, што звароты парламентаў Паўднёвай Асеціі і Абхазіі паступілі ў Менск са спазненнем.

У сваю чаргу кіраўнік камісіі па міжнародных справах і сувязях СНД «палаты прадстаўнікоў» Сяргей Маскевіч заявіў, што "калі не будзе нейкіх асаблівых сітуацыяў, каб збіраць пазачарговую сесію, дык на будучай сесіі, якая адкрыецца 2 красавіка, я не бачу падставаў, каб адкладаць разгляд гэтага пытання". "Яны (Паўднёвая Асеція і Абхазія - ИФ) позна звярнуліся да нашага «парламента» і таму мы не бачылі неабходнасці ў тэрміновым, пажарным парадку рэагаваць на гэтыя звароты", - адзначыў Маскевіч.

Ён лічыць, што "ад рашэння Беларусі не будуць залежаць нейкія наступствы для далейшага існавання гэтых рэспублікаў". "Будзе Беларусь прызнаваць незалежнасць гэтых рэспублікаў ці не будзе гэтым пытанням займацца, гэтыя рэспублікі сёння знаходзяцца па-за Грузіяй, і ў найбліжэйшым гістарычным прамежку часу будуць заставацца па-за Грузіяй", - заявіў Маскевіч.

Раней Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю замежным СМІ заяўляў, што Расея не аказвае ціску на Беларусь з тым, каб яна прызнала незалежнасць Паўднёвай Асеціі і Абхазіі. "Няма ціску. Ды на нас бесперспектыўна ціснуць", - сказаў Лукашэнка. Паводле яго словаў, калі б на Беларусь ціснулі, дык "быў бы зваротны эфект". "Таму сказаць, што на нас там цісне хтосьці - гэта поўны абсурд і глупства. Расея ніколі на нас у гэтым плане не ціснула", - падкрэсліў Лукашэнка. Ён таксама адзначыў, што "мы гэтае пытанне будзем вырашаць, зыходзячы з нашых працэдураў. Прыйдзе новы парламент, і я аддаю гэтае пытанне на яго суд. Хай яны абмяркуюць, як і ў Расеі, і выкажуцца", - сказаў беларускі прэзідэнт.

Пры гэтым ён сказаў, што калі Захад прызнаў Косава, дык "чаму б не прызнаць Абхазію". "Я думаю, вельмі шмат хто гатовы прызнаць, і прыклад быў ужо паказаны, прэцэдэнт ёсць", - адзначыў Лукашэнка.

Між тым, амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў заявіў 22 лістапада агенцтву "Интерфакс-Запад", што Расея чакае, калі беларускі "парламент" разгледзіць пытанне аб прызнанні незалежнасці Паўднёвай Асеціі і Абхазіі. "Было заяўлена, што пытанне прызнання ці непрызнання Паўднёвай Асеціі і Абхазіі будзе разглядаць наноў абраны парламент Беларусі. У гэтай сувязі мы чакаем, калі ён яго пачне разглядаць", - сказаў амбасадар.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках