24 лiстапада 2024, Нядзеля, 8:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: «Толькі дэмакратыя можа абараніць незалежнасць Беларусі»

17
Андрэй Саннікаў: «Толькі дэмакратыя можа абараніць незалежнасць Беларусі»

«Дыктатар у любы момант можа прыняць любое рашэнне для выратавання рэжыму асабістай улады. Ад славесных ультыматумаў Масква можа перайсці да канкрэтных дзеянняў, і тады Крэмль папросту «загоніць у кут» Лукашэнку», -- лічыць лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў.

-- Як вядома, вы крытычна, нават жорстка ставіцеся да таго, што ў апошні час адбываецца прыкметнае змякчэнне еўрапейскіх пазіцыяў у дачыненні да А. Лукашэнкі. У чым сутнасць гэтых поглядаў?

-- Я прытрымваюся не жосткіх, а еўрапейскіх пазіцыяў. Еўразвяз – гэта не чыста механічнае аб'яднанне дзяржаваў. Гэтае аб'яднанне на цалкам дакладных, зразумелых і моцных прынцыпах. Перш за ўсё – дэмакратыя, павага правоў чалавека, свабода выбару для народаў, якія ўваходзяць у ЕЗ. І калі Еўразвяз прапаноўвае тым ці іншым краінам мадэль адносінаў, гэтыя прынцыпы кладуцца ў аснову. Наўрадці можна казаць аб тым, што ЕЗ застаецца верным ўласным арыенцірам, калі палітыка ў дачыненні да Беларусі змяняецца на карысць рэжыму адразу пасля выбараў, якія ў ЕЗ не былі прызнаныя.

Калі ў Еўропе знаходзяцца палітыкі, якія гатовыя адыходзіць ад сваіх прынцыпаў, значыць, тым больш рашуча гэтыя прынцыпы павінны абараняць мы. Інакш гэта не дапаможа ні Беларусі, ні Еўразвязу. Пытанне тут досыць простае. Дыялог? Так, але ўнутры краіны. Менавіта гэта летась і было прапанаванае. І Лукашэнку, і іншым высокапастаўленым чыноўнікам. Паводле інфармацыі, якая маецца ў нас,прапановы гэтыя былі ўспрынятыя ўнутры афіцыйных структураў даволі добра. Чыноўнікі сур'езна задумаліся над тым, што гэта, сапраўды, можа для Беларусі стаць выхадам з тупіковага становішча. Як эканамічнага, так і палітычнага. Менавіта таму я заўсёды падтрымліваю ініцыятывы, якія накіраваныя на тое, каб унутры краіны абавязкова адбыўся дыялог здаровых сілаў. Як улады, так і апазіцыі.

-- Зараз гэта і адбываецца. Толькі крыху па-іншаму…

-- Не, не так. Я не выступаю супраць дыялогу і перамоваў як такіх. Гэта было б глупства, але сутнасць той мадэлі, якая сёння прапаноўваецца, заключаецца не ў дыялогу. Сутнасць яе ў тым, каб апазіцыю адсунуць у бок, зрабіць яе канчаткова маргінальнай, якая нічога не значыць. Прыбраць дэмакратычны кантроль за дзеяннямі ўлады. І дамаўляцца, дакладней, заключаць нейкія пагадненні наўпрост з рэжымам. Прычым гэтыя пагадненні будуць схаваныя ад грамадскасці. Гаворка ідзе, перш за ўсё, аб прыватызацыі, гэта праглядаецца найперш. Мы ведаем, як у нас усё вырашаецца. Калі такая лінія з боку Еўропы будзе працягнутая, дык мы прыйдзем да таго, што называецца дыктатарскай прыватызацыяй. Прыбытковыя элементы беларускай дзяржуласнасці будуць раздавацца без ведама і кантролю грамадскасці. А галоўнае – без удзелу незалежнага айчыннага бізнэсу і магчымасці аспрэчыць нейкія рашэнні ў суднах, бо незалежнай судовай сістэмы ў нас зараз няма.

Іншымі словамі, я не веру ў дэмакратызацыю пад кіраўніцтвам дыктатарскага рэжыму. Так проста не бывае.

-- І што прапаноўваеце вы?

-- Я прапаную вельмі простую рэч – Еўропа павінна адстойваць свае прынцыпы. Бачна, што мадэль, створаная Лукашэнкам, падышла да свайго лагічнага заканчэння. І спробы яе выратаваць пашкодзяць, перш за ўсё, беларускаму народу.

Трансфармацыі могуць адбывацца як з удзелам Лукашэнкі, яго афіцыйных структураў (ці канкрэтных персаналіяў), так і без іх удзелу. Мы падышлі да зменаў ушчыльную. Гэта выявіў не толькі сусветны фінансавы крызіс. Пазіцыя Расеі па коштах на энерганосьбіты ўсе нашы праблемы агаліла яшчэ раней. Так бывае заўсёды, калі рашэнні, датычныя цэлага народа, аддаюць на водкуп аднаму чалавеку. (Невядома, з якой нагі ён сёння ўстаў…) Трымаць цэлую краіну ў закладніках вельмі небяспечна.

Гэта быў першы сур'ёзны званок. Паўтару, што пасля падвышэння Расеяй коштаў на энерганосьбіты Лукашэнка пачаткаў лавіраваць.

Сусветны крызіс стаў званком нумар два. Яго ўпарта спрабуюць адмаўляць у Беларусі, але эфект атрымліваецца адваротным. Чым даўжэй крызіс будуць адмаўляць, тым сур'ёзней могуць быць для людзей яго наступствы. А сёння нешта хаваць наогул глупства, паколькі афіцыйныя структуры вымушаныя неяк рэагаваць на тое, што адбываецца. Пайшлі звальненні, зніжаюцца зарплаты, пенсіі. Адбываюцца цалкам ідыёцкія спробы абараніцца шляхам розных забаронаў імпарту. А гэта ізноў жа балюча адаб'ецца па нашых спажыўцах, таму што падобны пратэкцыянізм не вядзе да патаннення спажывецкага кошыка.

Паколькі сённяшняя палітычная мадэль сябе зжыла, трэба шукаць нешта новае. Я асцерагаюся, што дабрадушнасць Еўропы затармозіць працэс пошуку і істотна ўзмоцніць дыктатарскі рэжым. Мы можам атрымаць падабенства лацінаамерыканскіх дыктатураў, калі Захад на нейкі час прызнае рэжым, мае з ім стасункі, а ўнутры краіны дыктатура толькі ўзмацняецца: знішчаецца любая апазіцыя (у тым ліку і фізічна), зачыняюцца непажаданыя СМІ, цалкам кантралюецца радыё і тэлебачанне. Мы ведаем, што мэта Лукашэнкі – любымі спосабамі захаваць уласную ўладу. Калі магчымасці, якія зараз адкрывае Еўропа, прывядуць да палягчэння праблемаў рэжыму, які кіруе ў Беларусі, дык ён стане яшчэ больш жорсткім і захаваецца на доўгія гады. Падкрэсліваю, праблемаў не людзей, а рэжыму, таму што я перакананы: толькі сапраўдная дэмакратызацыя дапаможа перажыць крызіс, трансфармавацца і зрабіць у сваім развіцці сапраўды рэзкі скачок.

Аб гэтым і трэба ўвесь час нагадваць некаторым «дорбазычліўцам» з Еўропы, якія распавядаюць казкі аб тым, што яны клапоцяцца аб лёсах беларускага народа.

-- Напэўна, гэта з'яўляецца падставай для абвінавачванняў у залішняй «цвердалобасці». Маўляў, трэба быць больш гнуткімі. Як вы да гэтага ставіцеся?

-- Я імкнуся прытрымвацца прынцыповых пазіцыяў. Калі хтосьці мае «каўчукавы» хрыбет, дык ён можа праяўляць якую заўгодна гнуткасць.

У нашай краіне і без таго гісторыю павярнулі назад. «Дзякуючы» як унутраным, так і знешнім высілкам. Як з боку Усходу, так і з боку Захаду, дзе мірацца і вядуць бізнэс з рэжымам, які з'яўляецца апошняй дыктатурай Еўропы. Змяняць гэты рэжым шляхам «прагібання» пад яго, на мой погляд, абсалютна не той шлях, які ўсім нам зараз патрэбны.

-- Нажаль, за амаль 15 гадоў мы ўжо прызвычаіліся да таго, што ўсе дыскусіі ў нас вельмі хутка ператвараюцца ў звычайныя гаварыльні. Ніякіх канкрэтных дзеянняў. Магчыма, гэта і бянтэжыць Захад, вось там і аддалі перавагу дыялогу, аб якім шмат кажа той жа Мілінкевіч. А якое, дарэчы, вашае стаўленне да такіх дзеянняў?

-- Вельмі адмоўнае. І я кажу аб гэтым наўпрост. У тым ліку і Мілінкевічу. Я наогул лічу, што ён не мае права рабіць нешта падобнае. Паколькі падчас прэзідэнцкіх выбараў 2006 года мы ўсё яго падтрымлівалі, дык ён тады атрымаў пэўны мандат ад дэмакратычнай часткі грамадства. Сёння весці лінію, якая, мякка кажучы, прыймаецца не ўсімі, – вялікая памылка. Я катэгарычна не згодны з тым, што ён робіць.

-- Свае дзеянні Мілінкевіч тлумачыць тым, што зараз знаходзіцца пад пагрозай самае галоўнае, гэта значыць незалежнасць Беларусі. Вы таксама так думаеце? Не ці падштурхнем мы краіну да Крамля?

-- Мне ўсе гэтыя аргументы бачацца ўсяго толькі спробай нейк апраўдаць свае дзеянні, нягеглай спробай запалохаць саміх сябе. Чаму? Таму што падтрымліваць беларускі рэжым праз паслабленні на еўрапейскай арэне, шукаць яму фінансавую дапамогу – вельмі небяспечны падыход. Умацоўваючы дыктатарскі рэжым, мы значна саслабляем сваю незалежнасць.

Дыктатар у любы момант можа прыняць любое рашэнне для выратавання рэжыму асабістай улады. Ад славесных ультыматумаў Масква, як гэта адбываецца апошнім часам, можа перайсці да канкрэтных дзеянняў, і тады Крэмль папросту «загоніць у кут» Лукашэнку. Калі Крэмль «націсне» мацней, хто будзе прыймаць рашэнні? Дэмакратычная грамадскасць? Не – Лукашэнка. Ён сёння кіраўнік дзяржавы і, па яго ж словах, адказвае за ўсё, што адбываецца ў краіне. І дзе будзем мы? Дзе нашыя механізмы кантролю, магчымасці ўплыву? Вуліца? Так, але тады будуць сродкі адужаць і яе. Для гэтага, а зусім не для ўмацавання незалежнасці, і патрэбна дапамога Захаду – для змірэння апазіцыі, што патрабуе перааснаджэння АМАПа, падвышэння выплатаў незлічоным сілавікам, прапагандыстам, падкантрольным СМІ і г.д.

Высоўваць такія аргументы не проста наіўна, а вельмі небяспечна. Дыктатура не можа абараніць незалежнасць. На гэта здольная толькі дэмакратыя. Абараніць нашую незалежнасць можа толькі рэальны еўрапейскі выбар, а не гульні «кругом і навокал».

Звярніце ўвагу на адзін момант. Чаму Масква не выяўляе незадавальнення значным паляпшэннем адносінаў уладаў з Захадам? Бо раней пры любой такой спробе вокрыкі адтуль раздаваліся адразу ж. А сёння – цішыня. Задам пытанне, на якое пакуль адказваць не буду. Ці не выгадна ўсё гэта Крамлю?

Інтэрв'ю ўзяў Аляксандр Тамковіч, «Наше мнение»

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках