26 снежня 2024, Чацвер, 8:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«The Financial Times»: «Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца, нягледзячы на пацяпленне адносінаў з ЕЗ»

6

Журналіст газеты «The Financial Times» Стэфан Уэгсціл падчас візіту ў Беларусь узяў інтэрв'ю не толькі ў Лукашэнкі, але і пагаварыў з лідэрамі і актывістамі апазіцыі.

Калі Павал Кур'яновіч (актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» -- заўв. Хартыі) упершыню выйшаў на палітычную дэманстрацыю тры гады таму, ён яшчэ вучыўся ў школе. Зараз яму 19, ён «ветэран» апазіцыі з чатырма адміністрацыйнымі судзімасцямі за плячыма, піша Стэфан Уэгсціл.

Але гэтыя 60 дзён, праведзеныя ў турме, не змянілі яго стаўлення да Аляксандра Лукашэнкі. «Навошта змагацца? Таму што мы павінны. Людзі разумеюць, што трэба нешта змяняць у Беларусі, але не разумеюць, што яны павінны актыўна дзейнічаць», -- кажа Кур'яновіч.

Яго дваццацігадовая сястра Паўліна Кур'яновіч думае тое ж самае. Яна правяла 30 дзён у турме па абвінавачваннях, звязаных з палітычнымі пратэстамі, у тым ліку 5 дзён -- за сцягі Еўразвяза ў яе торбе, якія яна збіралася падняць на арганізаваным уладамі канцэрце. Гэтыя маладыя людзі не толькі цярпелі зняволенні, але і былі вымушаныя перапыніць сваю адукацыю – Паўла Кур'яновіча выключылі з універсітэта.

Актывісты апазіцыі дорага заплацілі вучобай, кар'ерай і свабодай за свае арышты. Вялікае пытанне, ці зменіць штосьці нядаўняе пацяпленне ў адносінах паміж Менскам і Захадам.

Лукашэнка вызваліў усіх палітвязняў, у тым ліку экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна, прысуджанага да пяці з паловай гадоў за хуліганства і вызваленага ў жніўні пасля адбыцця часткі тэрміну. Улады таксама правялі лібералізацыю выбарчага заканадаўства перад вераснёўскімі парламенцкімі выбарамі. Тым не менш перамогу на выбарах атрымалі прапрэзідэнцкія кандыдаты, а апазіцыя не атрымала ні аднаго месцы ў парламенце. Міжнародныя назіральнікі АБСЕ заявілі, што «нягледзячы на нязначныя паляпшэнні», выбары не адпавядалі дэмакратычным стандартам.

Віталь Сіліцкі, дырэктар незалежнага Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў, сцвярджае: «Зараз ціск меншы, чым два гады таму. Часткова таму што мы знаходзімся ў сярэдзіне прэзідэнцкага электаральнага цыклу [апошнія выбары адбыліся ў 2006 годзе, а наступныя будуць у 2011 годзе]. Апазіцыя знішчаная. Чакаецца палітычны курс на Еўразвяз. Але фундаментальна нічога не змянілася».

Лукашэнка кажа, што апазіцыя вельмі малая – «памер статыстычнай хібнасці», і занадта перабольшвае свае праблемы. Аднак праваабаронцы сцвярджаюць, што апазіцыя слабая з-за рэпрэсіўнага характару дзяржавы. Па ацэнках Freedom House, амерыканскай праваабарончай арганізацыі, становішча палітычных правоў і правоў чалавека ў Беларусі знаходзіцца на адным з апошніх месцаў сярод постсавецкіх дзяржаваў. У снежні Генеральная асамблея ААН асудзіла парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.

Упершыню абраны ў 1994 годзе, Лукашэнка паступова ўзмацняе сваю ўладу. Брутальны перыяд рэжыму прыйшоўся на 1999-2000 гады, калі зніклі тры апазіцыянеры і тэлевізійны журналіст Зміцер Завадскі. У далейшым улады, мусіць, сталі больш асцярожнымі, але працягваюць аказваць ціск на апазіцыю.

Лідэр апазіцыйнага руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч кажа: «Я не магу выступаць па радыё і на тэлебачанні, нашы дзеянні амаль не асвятляюцца прэсай. Я не магу куды-небудзь паехаць ці арандаваць памяшканне. Калі я праводжу сход, людзі, якія прыходзяць, могуць быць арыштаваныя… Гэтая сістэма засноўваецца на страху».

У лідэраў апазіцыі дастаткова фактаў для пацверджання гэтых словаў.

Хоць апазіцыйныя партыі легальныя, працэдуры рэгістрацыі вельмі складаныя. Ужо даўно выгнаныя з «парламента», у мінулым годзе апазіцыйныя партыі амаль не мелі прадстаўніцтва ў мясцовых Саветах. Мітынгі могуць праходзіць, толькі калі яны былі папярэдне дазволеныя, а ў дазволах часцей за ўсё адмаўляюць.

Амаль дзве траціны ад 1200 газетаў і часопісаў з'яўляюцца недзяржаўнымі, але большасць з іх малатыражныя непалітычныя выданні. Тыраж «Народная волі», найбуйнейшай незалежнай газеты, складае толькі 20 000 у параўнанні з 500 000 урадавай «СБ.Беларусь сёння». Усе чатыры беларускія тэлевізійныя каналы з'яўляюцца дзяржаўнымі.

Пераклад з ангельскай - прэс-цэнтр Хартыі'97

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках