25 снежня 2024, Серада, 19:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы адказалі лорду Бэлу

29
Беларусы адказалі лорду Бэлу

Днямi англiйскi пiяршчык лорд Цiмацi Бэл, якi заключыў з урадам Беларусi кантракт аб паляпшэннi iмiджу беларускай дыктатуры на мiжнароднай арэне, заявiў лiтаральна наступнае: «Большасць беларусаў — задаволеныя i шчаслiвыя». Газэта «Народная воля» запыталася ў грамадзян краіны, што пры сустрэчы з лордам Бэлам яны расказалі б яму пра беларусае жыццё?

Генадзь Бураўкiн, паэт:

— Ну як я магу быць задаволеным i шчаслiвым, калi штодзень адчуваю, як топчуць самае святое для мяне — беларускую гiсторыю, мову, культуру. Тыя, хто думае, што святынi можна замянiць "чаркай i скваркай", магчыма, адчуваюць сабе шчаслiвымi. А я — не. I сэнс майго жыцця ў веры. Веры ў тое, што прыйдзе дзень, калi Беларусь стане сапраўды беларускай з усiмi прыкметамi — мовай, культурай i ўласнай гiсторыяй. Веру, што дачакаюся, тады i стану шчаслiвым.

А Бэлу, пры нагодзе, я б параiў прыехаць у Беларусь не лордам, а простым чалавекам, i паспрабаваць пажыць тут. Колькi зможа. Можа, тады ён бы на сабе адчуў усю паўнату "шчасця i задаволенасцi" нашага народа...

Змiцер Бартосiк, бард:

— Шчасце i задаволенасць — гэта розныя рэчы. I пастаянна адчуваць сябе шчаслiвым чалавек не можа... Шчасце звязана найперш з сям'ёй i з дзецьмi. Паколькi з гэтым у мяне ўсё ў парадку, то шчаслiвым я сябе раз-пораз адчуваю. А задаволеным у гэтай краiне думаючы чалавек быць ну нiяк не можа... Тут i тлумачыць нiчога не варта, бо гэта як двойчы два — чатыры. Таму пасля заявы лорда, мне з iм зусiм размаўляць не хочацца...

Андрэй Бастунец, юрыст:

— Увагу лорда Бэла я б звярнуў на ўзровень жыцця канкрэтных людзей, на тое, што ўмяшальнiцтва дзяржавы ў жыццё людзей перашкаджае iм быць шчаслiвымi i перашкаджае iм рабiць тое, што яны ўмеюць рабiць таленавiта.

I, зразумела, я б звярнуў ягоную ўвагу на стан незалежных сродкаў масавай iнфармацыi. Сказаў бы аб тым, што тая ж "Народная воля" па чыёйсьці злой волi вымушана "шчаслiва" друкавацца аж у Смаленску...

Дзiяна Паўлавец, пенсiянерка:

— У асабiстым плане я, можа, i адчуваю сябе шчаслiвай — усё ж такi выжыла ў гады ваеннага лiхалецця, выгадавала дваiх дзяцей, унукаў, ужо маю праўнукаў... Але ў сённяшняй Беларусi мне перш за ўсё не хапае для поўнага шчасця веры. Веры ў тое, што паказваюць па БТ. Я вельмi хачу пажыць у той Беларусi, якую там малююць.

Да таго ж для поўнага шчасця мне не хапае адчування рэальнага клопату дзяржавы аб пенсiянерах...

А што да лорда Бэла, то я б запыталася ў яго, на якiх дадзеных ён грунтаваўся, сцвярджаючы, што "шчаслiвых i задаволеных" большасць. Без мяне як мiнiмум народ, што называецца, не поўны. Канкрэтна ў мяне лорд нi пра што не пытаўся. Таму, пры нагодзе, я б проста запрасiла яго да сябе дадому. Хай бы паглядзеў, як жывуць пенсiянеры.

Зiнаiда Ганчар, жонка знiклага палiтыка Вiктара Ганчара:

— Пасля таго, што здарылася з маiм мужам, я нiколi не буду шчаслiвай i задаволенай, бо хачу даведацца праўды. Лорд Бэл можа гаварыць што заўгодна, i я веру, што ён сустрэў у Беларусi шчаслiвых i задаволеных людзей. Таму што ён са "спецыфiчным" народам сустракаўся — усе з атачэння Лукашэнкi. Я не думаю, што лорд Бэл не ведае пра знiклых палiтыкаў, ён проста штучна замоўчвае гэтую праблему, малюючы Беларусь райскiм кутком на зямлi. Калi б я сустрэла лорда Бэла, я б параiла яму глядзець на Беларусь не з акна аўто, а вачыма простых людзей. Да таго ж я б запыталася ў яго, цi лiчыў бы ён сябе задаволеным, калi б жыў пад пагрозай штодзённага арышту альбо ўвогуле знiкнення?..

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках