8 верасня 2026, aўторак, 11:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бітва пад Оршай: як нашы продкі скарысталі агнявы бой пры разгроме маскавітаў

Бітва пад Оршай: як нашы продкі скарысталі агнявы бой пры разгроме маскавітаў

Тактыка Астрожскага спалучала паслядоўныя дзеянні адразу трох родаў войска.

Перамога князя Канстанціна Астрожскага над раццю маскоўскіх баяраў у многім была вызначана масавым ужываннем агнястрэльнай зброі, якая для пачатку XVI стагоддзя была сенсацыйнай навіной у ваенным мастацтве, піша «Літвін».

Маскоўскія ваяводы спадзяваліся на баявую магутнасць войска, якое паспяхова змагалася паводле шаблонаў сярэднявечнага воінства. Цяжкая конніца наносіла таранавы ўдар, а ворага дабівалі падчас панічнага адступлення лёгкія вершнікі, што засыпалі ўцекачоў ліўнем стрэл.

Тактыка Астрожскага ў бітве 1514 года пад Оршай спалучала паслядоўныя дзеянні адразу трох родаў войска. Гетман паставіў канкрэтныя задачы сваёй пяхоце, кавалерыі і артылерыі. Апошняя адыграла вырашальную ролю ў разгроме саманадзейных ваяводаў Івана Чалядніна і Міхаіла Булгакава-Галіцы. Недарэмна расійскі сучасны даследчык В. Пенскі, аналізуючы ход Аршанскай бітвы, указаў на рэвалюцыйную тэндэнцыю ваеннай думкі Астрожскага. Аджыўшая сярэднявечная тактыка не вытрымала сутыкнення з тактыкай новага строю, насычанага агнявым боем і, хоць яшчэ недасканалай, але порахавай, артылерыяй.

У Еўропе даволі доўгі час агнястрэльная стралковая зброя не вытрымлівала канкурэнцыі з арбалетамі і лукамі.

Але ў XV стагоддзі бургундцы наймаюць немцаў і фламандцаў з аркебузамі. Ужыванне кулеврын пачынае набываць масавы характар, і гэта ўжо прыкметна ў войнах Карла Сьмелага. Аднак спачатку страляць з груваздкіх аркебуз было рызыкоўнай справай. Зброя доўга зараджалася, і спрытны хлопец з алебардай мог за лічаныя імгненні падкрасціся да стралка, каб у шаленстве знесці яму галаву адным магутным ударам. Лічылася, што карыстанне агнястрэльнай зброяй — доля нягоднікаў, якім чужыя ўсялякія паняцці высакародства і павагі да праціўніка на полі бою.

Гусіты першымі ва Усходняй Еўропе расправіліся з рыцарамі Габсбургаў, усталяваўшы невялікія гарматы ў сваіх вазах, з якіх яны з далёкай дыстанцыі маглі паспяхова громіць рыцарскі конны строй. Сваю тактыку чэхі экспартавалі венграм, якія пачалі біць туркаў з дапамогай пушак на вазах ужо ў 1470-х гадах. Нават бясстрашныя сіпахі і янічары вялікага султана падалі ніц перад залпамі грымотных гармат.

Гетман Астрожскі, безумоўна, прыгадваў у 1514 годзе тактыку літвінаў мінулых гадоў. Паказальная была сустрэча войскаў Вітаўта на полі Грунвальда з артылерыяй Тэўтонскага Ордэна. Храніст Ян Длугаш згадаў, што бомбарды рыцараў не здолелі спыніць атакі конніцы літвінаў праз непаваротлівасць артылерыстаў, якія зрабілі па наступаючых не больш за два стрэлы.

Адмовіцца ад арбалетаў польскую пяхоту ў XV стагоддзі прымусіла з’яўленне рушніц (rusznica), якія цалкам перамаглі арбалет да пачатку Лівонскай вайны. Рушніцы ў бітве пад Клецкам дапамаглі літвінам перамагчы татараў, якія не мелі такой зброі і абапіраліся на традыцыйныя лукі са стрэламі.

Паказальная і бітва пад Вішнявцам 1512 года. Тады гетман Канстанцін Астрожскі вырашыў выставіць перад наступаючай татарскай конніцай трыста стральцоў з рушніцамі, якія залпамі пасбівалі вершнікаў з сёдлаў. Татары спрабавалі засыпаць літвінаў стрэламі, але неслі жорсткія страты ад пальбы літвінскай пяхоты.

Досвед агнявога бою ўжо ў большых маштабах быў ужыты ў бітве пад Оршай 1514 года, калі гетман выставіў супраць маскавітаў ужо не 300, а тры тысячы дасведчаных стральцоў, ды яшчэ і з пушкамі. Білі маскавітаў не толькі з фронту, але і з флангаў, прастрэльваючы ўвесь наступальны баявы парадак наскрозь. Куля скосіла ў першых шэрагах князя Івана Іванавіча Цёмку Растоўскага, які камандаваў кастрамічамі ў Перадавым палку.

Прыкметнай была падрыхтоўка, праведзеная гетманам напярэдадні генеральнай баталіі, калі трэба было патаемна выстаўіць на пазіцыі гарматы. Астрожскі паслаў прыкрыць пераправу гарматаў лёгкую кавалерыю, якая адагнала старажы маскавітаў ад навядзеных цераз раку Днепр мастоў.

Па іх і прайшлі возы з артылерыяй і боепрыпасамі. Лёгкая кавалерыя літвінаў выканала таксама заманлівы манеўр, пасля якога, як піша нямецкі падарожнік Зігізмунд Герберштэйн у вядомых «Запісках пра Масковію» (1549), ратнікі князя Міхайлы Івана Андрэевіча трапілі пад масіраваны агонь літвінскай артылерыі. Змятаючы першыя шэрагі, артылерысты Астрожскага паслядоўна пераносілі агонь пушак на цэлі ў глыбіні маскоўскіх палкоў.

Фактычна пушкары Астрожскага сваім баявым майстэрствам падрыхтавалі рашучую контратаку цяжкай конніцы, закутай у латы максіміліянаўскага тыпу, што наносіла ўдар кап’ямі ў зімкнутым строі. Гэтыя вершнікі жалезнай сцяной прыціснулі разбітых ворагаў да берага ракі Крапіўны, у водах якой, як сцвярджае Пскоўскі летапіс, і патанула мноства воінаў Масковіі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках