5 верасня 2026, Субота, 20:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Замяніць Някрасава Шэкспірам

2
Замяніць Някрасава Шэкспірам

Нашто беларускім дзецям «Руская літаратура»?

У беларускай школе не павінна быць прадмета «Руская літаратура». Бо павінен быць прадмет «Сусветная літаратура», як ва ўсіх школах усіх краін свету. І тыя, хто выступае за захаванне «Рускай літаратуры» замест «Сусветнай», – выступаюць за захаванне Беларусі як культурнай правінцыі, культурнай часткі Расіі.

Беларуская дзяржава – бадай адзіная ў свеце, што з дзяцінства прывівае сваім грамадзянам не сваю, не беларускую свядомасць. Усё пачынаецца са школы. Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе, дзе ў школе няма прадмета «Сусветная літаратура».

Калі француз нараджаецца ў Францыі, ён праз пэўны час «аўтаматычна», разам са школай, СМІ, культурай атрымлівае французскую нацыянальную ідэнтычнасць, французскі культурны код. Тое самае з любым іншым – палякам, нарвежцам, італьянцам.

Беларус, вырастаючы ў сённяшняй Беларусі, «аўтаматычна», ад дзяржавы і грамадства, атрымлівае базавую расійска-савецкую культурную ідэнтычнасць, разбавленую пэўнымі беларускімі элементамі, беларускім арнаментам, я б сказаў. Так, зусім крышку – каб урэшце атрымліваліся «рускія са знакам якасці» — беларускага.

Як вы думаеце, колькі часу за ўсе гады навучання беларускія школьнікі прысвячаюць сусветнай літаратуры? 2%! Беларуская школа дае прыкладна па 400 гадзін беларускай і рускай літаратуры, але сусветная літаратура атрымлівае толькі 17 асобна выдзеленых гадзін – каля 2%.

У ўсіх краінах дзеці ў школах вывучаюць: 1) сваю нацыянальную літаратуру і 2) сусветную. І толькі школьнікі ў Беларусі фактычна пазбаўленыя ўсіх здабыткаў сусветнай літаратуры, бо замест яе яны вывучаюць літаратуру расійскую. Увесь велізарны і разнастайны свет для беларускіх школьнікаў наўмысна зводзіцца да літаратуры адной краіны.

Чаму? Мы што, частка Расіі або яе калонія? Не. Беларусь (прынамсі юрыдычна) – самастойная дзяржава са сваёй культурай. Чаму ўвогуле ў незалежнай дзяржаве павінна вывучацца як асобны прадмет літаратура іншай дзяржавы?

У Польшчы няма прадмета «Нямецкая літаратура». У Балгарыі няма прадмета «Турэцкая літаратура». У літоўскіх, эстонскіх, грузінскіх і цяпер ужо ўкраінскіх школах няма прадмета «Руская літаратура» (дарэчы, ва Украіне яна як асобны школьны прадмет знікла толькі пасля 2014 года – анексіі Расіяй Крыма і агрэсіі на Данбасе).

І я ні ў якім разе не заклікаю цалкам «скасаваць» рускую літаратуру. Проста яна павінна заняць сваё пачэснае месца сярод літаратур іншых народаў.

Якое месца займае руская літаратура ў свеце, колькі яе можна было б пакінуць у межах прадмета «Сусветная літаратура»? Падаецца, працэнтаў 10 – і гэта было б вельмі шчодра, з запасам. Напрыклад, руская літаратура мае пяць лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі, столькі ж – польская. А нямецкая – 14, французская – 16 і гэтак далей.

Пасля распаду СССР руская літаратура не дала ніводнага пісьменніка сусветнага маштабу, ніхто з іх не быў хаця б рэальным кандыдатам на тую ж Нобелеўскую прэмію. Калі браць іншы бок пісьменніцкага поспеху – масавыя тыражы, – дык і тут сучасная руская літаратура на міжнароднай арэне не можа пахваліцца нічым грандыёзным. І не будзе лішнім нагадаць, што Нобелеўскую прэмію атрымала беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч, якая піша па-руску, але паслядоўна і прынцыпова выступае супраць так званага «рускага міру».

Іншая тэма, пра якую цяпер шмат гавораць і спрачаюцца, – гэта той пасыл, які нясе нават класічная руская літаратура. Многія даследчыкі лічаць, што менавіта яна ў значнай ступені паўплывала на фармаванне такіх рысаў расійскага грамадства, як каланіялізм, экспансія на чужыя землі, пакорлівасць вышэйшай уладзе, ксенафобія і месіянства. «Трубадуры імперыі» – так назвала сваю кнігу пра рускую літаратуру даследчыца Эва Томпсан.

Дарэчы, паказальна, што цяперашнія расійскія ўлады асабліва актыўна апошнімі гадамі змяняюць школьную праграму па літаратуры, выкідваючы адтуль, напрыклад, антысталінскія творы.

Калі Беларусь атрымала незалежнасць, многім здавалася, што беларуская ідэнтычнасць будзе нараджацца аўтаматычна, «падрастуць новыя пакаленні» і гэтак далей. Не ўсё так проста. Высветлілася, што аўтаматычна, «з часам», нічога не прыходзіць – асабліва ва ўмовах антынацыянальнай палітыкі ўладаў краіны.

На сёння ў Беларусі мы маем своеасаблівыя светапоглядныя «нажніцы» паміж рознымі ідэнтычнасцямі. Большасць беларусаў у палітычным сэнсе даўно ўжо мае беларускую палітычную свядомасць (адназначна пазітыўна ўспрымаючы дзяржаўную незалежнасць), але ў культурным і светапоглядным сэнсе значная частка, а можа і большасць, застаецца расійска-арыентаванай.

І галоўнае тут – школа, СМІ, масавая культура.

І беларусы гэтага не выбіраюць самі, гэты выбар за іх гвалтоўна робіць улада. Большасць беларусаў нарадзіліся ў рускамоўным асяроддзі, хадзілі ў рускамоўную школу, потым ва ўніверсітэт – дзе тут свой уласны выбар? Рускамоўнасць, рускакультурнасць у Беларусі... проста прадукт развіцця сённяшняй беларускай дзяржавы.

У школе вывучаюцца «Беларуская літаратура» і «Руская літаратура» – беларускага чалавека з дзяцінства праграмуюць, што гэтым і абмяжоўваецца свет. Вось паглядзіце: ёсць наша, мясцовае, «рэгіянальнае» («Беларуская літаратура») і ёсць нешта большае, вышэйшае («Руская літаратура»). Такі сабе двухпавярховы вобраз свету, дзе «Руская» займае вышэйшую прыступку, другі паверх.

Вядома, многія грамадзяне Беларусі маюць нерасійскія ідэнтычнасці: беларускую нацыянальную, беларускую еўрапейскую, касмапалітычную. Але яны найчасцей атрымалі іх не «аўтаматычна», а ў выніку ўласнага свядомага выбару, у выніку духоўных і інтэлектуальных намаганняў. Яны стварылі, «зарабілі» гэтыя ідэнтычнасці сабе самі. Яны запусцілі той працэс, які часам апісваецца парадаксальнай прымаўкай: «Беларусамі не нараджаюцца – беларусамі становяцца».

Я не заклікаю, каб, вобразна кажучы, Талстога замянялі Шамякіным. Я выступаю за тое, каб Някрасава замянялі Шэкспірам і Сервантэсам, каб беларусам з пачатковай школы адкрывалі шырыню сусветнай літаратуры.

Усе, хто выступае за захаванне ў школах «Рускай літаратуры» замест «Сусветнай», – выступаюць за захаванне Беларусі ў якасці культурнай правінцыі, культурнай часткі Расіі.

Віталь Цыганкоў, «Белсат»

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках