Экс-палітвязень распавёў, што ніколі не даруе рэжыму
1- 5.09.2026, 15:53
- 1,770
Ігар Карней падзяліўся болем тысяч беларускіх эмігрантаў.
Былы журналіст «Радыё Свабода», экс-палітвязень Ігар Карней у «Фэйсбуку» распавёў пра перажыванні, з якімі сутыкнуліся тысячы беларускіх эмігрантаў: немагчымасць убачыць родных:
— Ужо толькі гэтага немагчыма дараваць крыважэрнай сістэме, якая без аніякіх пакут сумлення разлучыла самых блізкіх людзей. Праз беспадстаўныя зняволенні, праз цынічныя выдварэнні, праз вымушаную эміграцыю. Асабліва калі гаворка пра тых, для каго з прычыны ўзросту кожны пражыты дзень — як падарунак лёсу.
Дзень нараджэння маці, свякроў і бабулі Люсі для нашай сям’і — падзея знакавая. Лепшая нагода сабрацца ўсім разам у Залессі — сынам, нявесткам, пяцёрцы ўнукаў. Праўда, з агаворкай, што менавіта так было ў лепшыя часы. Цяперашні адрэзак называць «лепшым» мова не паварочваецца.
Свой 85‑гадовы юбілей 5 верасня мама адзначае ў поўнай адзіноце. Мужа, нашага бацькі, на гэтым свеце няма ўжо 40 гадоў; два сыны са сваімі паловінкамі за мяжой, як і любімыя ўнукі. І ніякай магчымасці нешта павярнуць у іншы бок.
Папярэднюю круглую дату яшчэ паспелі адсвяткаваць на фоне трывожных чаканняў у 2021‑м. Цяпер жа — толькі праз відэамост, дзякуй тэхнічнаму прагрэсу і за такую міласць.
З такой нагоды да нас на Азорскія астравы прылятае малодшы брат Дзмітрый, павіншуем хоць бы так. Бо вывезці маці нават кудысьці па-суседску (ад Смаргоні да літоўскай мяжы — 50 км) — справа амаль безнадзейная. Як і для большасці пажылых вяскоўцаў, кожная паездка параўнальная са стрэсам. І, на жаль, даюць аб сабе ведаць сумныя прыкметы ўвядання — правалы памяці, добра, што кароткатэрміновыя. У астатнім яна абслугоўвае сябе самастойна, што вялікае палягчэнне для ўсіх.
Мама ўсё жыццё прапрацавала аграномам — пачынала пад Крэва, потым было шмат пераездаў пад калгаснае ўкрупненне, урэшце асела ў Залессі (так-так, таго самага Міхала Клеафаса Агінскага).
Заўсёды перадавіца, двойчы ордэнаноска, у першую прэзідэнцкую кампанію 1994 года актыўна працавала ў ініцыятыўнай групе кандыдата Зянона Пазьняка.
А ў маладосці — зайздросная прыгажуня). Выбар бацькі цалкам зразумелы, хоць нярэдка ён і трапляў пад гарачую руку недзе празмернай прынцыповасці. Калі таты не стала ў выніку мучальнай барацьбы з анкалогіяй, маці давялося ўзяць на сябе ўсё — ад працоўных абавязкаў да немалой хатняй гаспадаркі. Не кажучы ўжо пра тое, каб накіраваць у правільным кірунку сыноў — я якраз скончыў школу, брат толькі пачынаў.
Хоць ёй было толькі крыху за 40, мы ніколі не чулі нават размоў пра тое, каб у нашым доме пасяліўся хтосьці яшчэ. Так і засталася адналюбкай, не здрадзіўшы мужу і ахвяраваўшы ўсім дзеля дзяцей. Вывучыла, жаніла, надала ўпэўненасці ўласным жыццёвым прыкладам. І вось такая сумная развязка — не мець магчымасці прытуліць роднага чалавека.
Ігар Карней піша, што па злой іроніі, калі яго выдварялі ў Літву год таму, аўто ехала па родных для журналіста мясцінах:
— А да таго, восенню 2024‑га, здзекваліся, не даючы павіншаваць са шклоўскай катоўні.
Мала таго, што па-беларуску, дык яшчэ і ў вершаванай форме — відавочна зашыфраваныя сігналы за калючым дротам. Асмелюся паказаць невялікі фрагмент, бо атрымалася цэлая паэма — у кнігу вырашылі таксама ўставіць як прыклад турэмнай самадзейнасці). Падводка — адтуль жа…
…Узгадаўшы выбітных беларускіх класікаў, якія за сваё інакрамысленне прайшлі царскія засценкі, натхніўся іх прыкладам і срыфмаваў віншаванне галоўнаму чалавеку ў фармаванні майго светапогляду. Назваў дваіста, як і цяпер клічуць яе аднасяльчане — «Расці-слаўна». Натуральна, і ў думках не было замахвацца на лаўры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Якуба Коласа, Карусі Каганца або Алеся Гаруна. І, што парадаксальна, наўрад ці дарас бы да такога эксперыменту на волі. А ў турме чаго толькі не прыдумаеш. Так, у тэксце шмат асабістага, але гэта пра ўсіх, хто вымушаны чакаць дзяцей з няволі.
Аднак даўно мінуў дзень нараджэння, а ніякіх намёкаў на атрыманне віншавання. Праз пару тыдняў яшчэ адна спроба, на гэты раз — з суправаджальнай запіскай цэнзару: не пазбаўляйце адзінай магчымасці аддзячыць маці, калі ў вас яшчэ засталіся хоць якія пачуцці да сваёй! На дзіва, дзесьці ў глыбіні заскарузлых бюракратычных спружын маркотна пстрыкнула — і праз месяц пасля нагоды верш усё ж дайшоў.
МАМА. РАСЦІ-СЛАЎНА
Мне даўно за палціннік, узроставы дзядзька,
Адказны як муж і дасведчаны бацька.
Але як з далёкіх ляціць Палестын
У эфіры настойліва: «Як ты, мой сын?» —
І быццам табе не пад шэсцьдзясят, а дзесяць:
«Ты сыты? Мужчына павінен шмат есці!
Пальчаткі і шалік не ігнаруй.
Нікуды не ўлазь, сябе пашкадуй».
Ну вось, у тых месцах, куды завёў трафік,
Без шапак не ходзяць, а каша — у графік.
Ды толькі навіны ў трывожных лістах
Прасякнуты скрухай: «Чаму ж усё так?»
Каб маціна гора саскірдаваць,
Сівой з маладосці ўжо мусіла стаць…
Дзіцёнак вайны, з лучынамі ў хатах,
У Прусіі бацька палёг ў сорак пятым.
У мястэчку спустошаным стогнаў навала —
Дзядзькоў на этап Варкута забірала.
Катэгарычная ў сіле танальнасць
Пытальнік выводзіла слову «лаяльнасць».
Пазней яе маці, мая баба Зіна,
У шлюбе другім атрымала руціну.
Трагічна загінуў у Люсі айчым,
Сіроткай застаўся малы яшчэ сын.
І любаму брату адмерана мала:
У трыццаць адчайнага Лёнькі не стала.
Дачасна ўзнёсся ў нябёсы муж Пеця,
Ужо сорак год ён для нас на партрэце…
Ёсць картачкі іншыя: мама і тата —
На фоне студэнцкага інтэрната.
Прыгожыя, модныя ў стылі і класе,
Подых адлігі няспынны ў часе.
Дыплом аграномаў не быў сінекурай.
Адказнасць за ўсё — уласнаю скурай.
«Ненармаваны» — вось графік на вёсцы
І вынік па працы — ардэнаносцы!
Козлік рухавы з Пятром і Людмілай
Глытаў бездарожжа дзясяткамі міляў.
Туды, дзе аруць, прыбіраюць ці сеюць,
Трэба даехаць. І ўсюды паспеюць!
Бачачы шчыры імпэт маладых,
Ментарства знікла і у старых.
І, як адзнака, што ўсё ідзе спраўна,
Вокліч здалёк: «Добры дзень, Расціслаўна!»
Урэшце дайшло і да крыкаў душы:
«Люська, разумніца, дапамажы!»
Цягае параненых, як з поля бою:
Каго ад каханак, кагосьці з запою…
Усё абнуліў страшны восемдзесят пяты:
Хвароба забрала нашага тату.
Мне толькі сямнаццаць, Дзмітрыю — дзесяць.
Чорная дзірка ў сямейным сусвеце.
…Нам з братам на двух — больш за сотню гадоў,
Але ўсё такая ж матулі любоў.
Не маюць узросту ад сэрца пачуцці.
Як хочацца зноўку ў абдымках адчуць іх!
Любячы сын Ігар, 5 верасня 2024. Шклоў, ПКТ