«Параўноўваем чэкі, бачым, што грошы сыходзяць, як у пясок»
1- 27.09.2026, 9:34
- 2,936
Беларусы расказалі, як Лукашэнка «давёў» краіну.
Праўладныя сацыёлогі сцвярджаюць, што большасць беларусаў шчаслівыя і «глядзяць у будучыню з аптымізмам». Суразмоўцы «Салідарнасці» з розных рэгіёнаў краіны падзяліліся, наколькі гэта так.
Нядаўна Інстытут сацыялогіі НАН РБ апублікаваў чарговае сацдаследаванне пра настроі і каштоўнасці беларусаў. Паводле іхнай версіі, суайчыннікі задаволены літаральна ўсім:
матэрыяльным становішчам сваёй сям’і (82,2%),
цяперашнім месцам працы (82,1%),
зносінамі з мясцовымі ўладамі (звыш 78%),
вынікамі кіравання Лукашэнкі (ад 73 да 90% у розных сферах).
А ў цэлым шчаслівымі сябе адчуваюць, як піша БелТА, амаль усе — 89,8%. І тры чвэрці беларусаў, найчасцей моладзь, глядзяць у будучыню з аптымізмам. Калі, зноў жа, верыць афіцыйнай статыстыцы.
Нагадаем, да 2020 года Беларусь удзельнічала ў апытаннях для міжнароднага рэйтынгу ААН World Happiness Report — і займала, трэба адзначыць, зусім не лідарскія пазіцыі: у 2022 годзе ў нашай краіны было 65-е месца, у 2021-м — і ўвогуле 75-е з паўтары сотні ўдзельнікаў.
Найвышэйшай пазіцыяй за ўвесь час у нас была 59-я. Пры гэтым даследчыкі ўлічвалі не толькі ВУП на душу насельніцтва, але і працягласць жыцця, грамадзянскія свабоды, сацыяльную падтрымку, узровень дабрачыннасці.
«Мабыць, членаў ВНС і «Белай Русі» па разнарадцы апыталі»
— Як пачула пра сацапытанне і колькасць удзельнікаў, каля 2 тысяч чалавек, дык адразу падумала: а колькі па спісе дэлегатаў ВНС? Мабыць, іх і членаў «Белай Русі» па разнарадцы апыталі, — смяецца мінчанка Людміла. — Думаю, ёсць у Viber група, так і называецца «Члены ВНС»: закінулі туды анкеты — і запоўнілі, не выходзячы з дому. Каб дакладна атрымаць патрэбныя адказы і лічбы шчасця беларусаў не менш як 83%.
Усё адносна. Калі лічыць за шчасце добрыя дарогі, наяўнасць працы — канечне, большасць пагодзіцца, што мы цудоўна жывём. А яшчэ лепш спытаць пра адсутнасць бамбаванняў («у нас жа не як ва Украіне?») — тады і 100% шчаслівых рэспандэнтаў будзе. Асабліва калі пад запіс імя, прозвішча і іншых даных.
Толькі нешта я гэтых людзей на мінскіх вуліцах не сустракаю — у сэнсе настолькі шчаслівых. Беларусы і раней не ўсміхаліся адкрыта першаму сустрэчнаму, заўсёды былі даволі стрыманыя ў праяўленні эмоцый — і я таксама. Але цяпер нібы рэгулятар эмоцый падкруцілі зусім на мінімум: у метро, у крамах, не кажучы ўжо пра паліклінікі, большасць стомленыя, замкнёныя, змрочныя.
Вядома, бываюць і прычыны для радасці. У каго — квізы, у каго — падарожжы па роднай краіне і фестывалі (яшчэ не ўсё забаранілі, і збірае беларусаў не толькі расійская папса, праўда). Але каб прама свяціліся ад шчасця — не заўважала.
Што да мяне асабіста — я больш-менш у норме. Але і празмернага пазітыву наконт будучыні не адчуваю — так, сярэдні. Які можа быць аптымізм у наш час і ў нашым рэгіёне, калі тут бамбяць, там бамбяць, і незразумела, што будзе заўтра?
Хоць вялікі плюс па шкале шчасця — маім дзецям удалося выехаць на вучобу ў Еўропу і, спадзяюся, іх будучыня складзецца ў атмасферы адкрытасці і новых магчымасцяў, а не падазронасці і страху. Таксама тоўсты плюс — што я магу іх падтрымліваць і маральна, і матэрыяльна. Дык што я стрыманы аптыміст, які верыць у лепшае для сваіх дзяцей.
«У межах нормы — але па ніжнім краю»
— На мой погляд, была задача паказаць «дасягненні за пяцігодку», а пад яе падганялі ўжо і пытанні, і адказы, — дзеліцца пенсіянерка Надзея Паўлаўна, жыхарка раённага цэнтра. — І тут многае залежыць, у каго і як спытаць.
Скажам, калі задаць нашым мясцовым чыноўнікам пытанне: ці чысціня і парадак у горадзе? То яно канешне, з вокнаў райвыканкама ўсё добра. А калі спытаць жыхароў у раёне аўтастанцыі, ці рынку, ці веласіпедыстаў, якія ацэньваюць зблізу той жа рамонт дарог — іншыя адказы будуць.
Не магу сказаць, каб адчувала сябе цалкам няшчаснай, але і да задаволенасці ў цэлым вельмі далёка. Хутчэй так, у межах нормы — але па ніжнім краю. Бо выканання нават нейкіх простых рэчаў трэба дабівацца з боем, а перамены, якія адбываюцца, нешта ўсё не да лепшага.
Прывяду некалькі прыкладаў. Адміністрацыя гораду «чэшацца», толькі калі з вобласці ім нешта загадаюць, альбо калі чалавек у адчаі зварот нейкі ў ТыкТок запіша. А падаецца ўсё як «праца з насельніцтвам». Але ж, праца.
Вось было ў нас на горад тры шапікі «Белсаюздруку» — усе зачынілі, мо з месяц ужо. А там і газеты, і сканворды, і стрыжні для ручак, і батарэйкі для танометра — усякая карысная драбяза. На «гарачай лініі» ў выканкаме мы спыталі: чаму зачынілі?
Праз час далі адказ, маўляў, аб’ядноўваюць «Белсаюздрук» і «Белпошту». На практыцы гэта значыць: калі табе тыя ж стрыжні трэба, ідзі на пошту, бяры талончык і чакай у вечнай чарзе. Вось ужо шчасця людзям нарабілі.
Хоць нам, пенсіянерам, яшчэ грэх скардзіцца: у цэнтры сацыяльнага абслугоўвання харошыя спецыялісты, шмат гурткоў, аб’яднанняў па інтарэсах, экскурсій і канцэртаў. Але ж маладым якой радасці ў нас у горадзе — ва ўпор не бачу. І падобна, што іншыя не бачаць: усё больш пахмурных твараў, усё менш усмешак нават ад знаёмых.
Ну і што да будучыні — адкуль узяць аптымізм, калі беларусаў усё меней, побач вайна, людзей пераследуюць і многія мусяць з’язджаць. Адчування бяспекі няма ні ў фізічнай прасторы, ні ў віртуальнай (я дык абышлася «строгім папярэджаннем» за неабачлівыя каментары ў «Аднакласніках», дзе з многімі знаёмымі стасуюся — а ведаю, што каго і пасадзілі). Так што няма ў мяне ўпэўненасці ў заўтра, калі шчыра.
«Ведаю, што ў маіх сілах нешта змяняць»
— Мяне не апытвалі для гэтага даследавання, — запэўнівае Тая. — Але я якраз той шчаслівы чалавек з Віцебскай вобласці. Праўда, з агаворкай: шчаслівая шмат у чым якраз таму, што вырвалася ў Мінск.
У маім родным горадзе літаральна ўсе — ад былога мужа і свякроўі да калег і суседзяў — упэўнівалі, што я вярнуся праз паўгода і буду цаніць тое, што мела. Ага, ужо. У нас нармальных вакансій, гэта значыць з заробкам больш за 1–1,2 тысячы беларускіх, — можа, пяць штук на райцэнтр. І то чакаюць, што ты начальству будзеш у ножкі кланяцца і ні слова ўпоперак не скажаш.
Школы тры, адна паліклініка і ЦРБ, усюды са спецыялістамі дрэнна. Перспектыў — нуль. І калі ты пайдзеш у нечым супраць сістэмы — усе адзін аднаго ведаюць, цябе проста «з’ядуць».
Я доўга не рашалася, усё ж пасля 40 гадоў страшна пачынаць з чыстага ліста. Але падумала пра дачку, якой у гэтым расці, калі пакіну, як ёсць. І ведаеце што — усё склалася. Буквальна праз трэція рукі, сябры сяброў, знайшла кватэру — людзі вымушана з’ехалі з краіны, ім патрэбны надзейны арандатар за вельмі пад’ёмную цану.
Працу па сваёй рабочай спецыяльнасці знайшла адразу — прычым яшчэ выбірала, дзе лепшыя ўмовы і зручней дабірацца. Падпрацоўка сама мяне знайшла. У новай школе ў дачкі не ўсё гладка, але педагогі адназначна лепшыя, чым былі.
Дык што так, у цэлым — я шчаслівая. Не без трывогі за будучыню, вядома. І ў будучыню гляджу з насцярожанасцю, ніяк не з аптымізмам. Але цяпер ведаю, што ў маіх сілах нешта змяняць.
«Грошы сыходзяць, як у пясок»
— Бачу, што цяпер для многіх беларусаў шчасце — гэта адсутнасць няшчасця. А канкрэтна — адсутнасць вайны на нашай тэрыторыі і тое, што беларуская армія не ўдзельнічае наўпрост, — разважае жыхар прысталічча Кірыл. — Яшчэ заўважыў — гэта, напэўна, не пра шчасце, хутчэй пра зларадства і стёб — нямала людзей абмяркоўвае і піша ў сацсетках, як «прылятае» расіянам, якія там праблемы з бензінам, з інтэрнэтам і гэтак далей. Такое калектыўнае адчуванне на фоне вайны.
Але ў цэлым у такія высокія лічбы — каб 90% былі задаволеныя і шчаслівыя цяперашнім жыццём — вядома ж, не веру. Бо рэальная інфляцыя значна вышэйшая, чым пра гэта піша афіцыйная статыстыка, а заробкі нават у Мінску ў многіх — па 1,5 тысячы. У правінцыі ўвогуле бяда, за рэдкім выключэннем: многія ездзяць «вахтамі» ў Мінск, радзей у Расію.
Па сваёй невялікай сям’і, па сябрах бачу, колькі сыходзіць проста на ежу, на мінімальныя прыступкі піраміды Маслоў. Яшчэ ў мінулым годзе сярэдні чэк з «Еўраопта» ў нас быў 30–40 рублёў, цяпер — 80. Слухайце, тры гады таму гэта былі выдаткі на навагодні стол! Грошы сыходзяць, як у пясок. Якое ўжо тут шчасце і аптымізм.
Адзіная катэгорыя, на мой погляд, па якой афіцыйная статыстыка блізкая да праўды, — гэта моладзь 18–20 гадоў. Тыя, хто ў 2020 быў максімум падлеткамі, — ім цяпер нарм. На Дзень горада канцэрт артыста, які адкрыта падтрымлівае вайну? Пайдзём, а што тут такога, бясплатна ж. Уступіць у БРСМ? Не пытанне, карысна для кар’еры. Фотачкі з сілавікамі парабіць на ўсякіх сустрэчах — толькі ў дарогу.
Вельмі шмат бачу прыстасаванцаў сярод моладзі, для якіх шчасце — гэта проста ўладкавацца ў цёплае месца. На жаль.
А ў пажылых — наадварот. Ні надзеі на цудоўную будучыню, ні шчасця тут і цяпер. Нават мая маці, ёй пад 80, якая многія гады была апалагеткай рэжыму Лукашэнкі, бывае, скажа з горача: «Давялі краіну».