19 верасня 2026, Субота, 6:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Atlantic Council: у Балтыі РФ сустрэне жорсткае супраціўленне

Atlantic Council: у Балтыі РФ сустрэне жорсткае супраціўленне

Эстонія, Латвія і Літва не збіраюцца чакаць агульнай рэакцыі НАТА.

Расія наўрад ці адважыцца на адкрыты напад на краіны Балтыі, аднак у разе атакі іх чакае жорсткае супраціўленне, піша Atlantic Council (пераклад — сайт Charter97.org).

У апошнія месяцы Масква ўзмацніла дыверсійную актыўнасць і іншыя дзеянні ў «шэрай зоне» Еўропы. Гэта зноў выклікала размовы пра магчымы ўдар па Эстоніі, Латвіі або Літве. У жнівеньскіх ацэнках амерыканскай выведкі нават разглядаўся сцэнар «абмежаванага ўварвання», які мог бы праверыць гатоўнасць НАТА абараняць сваіх саюзнікаў.

У саміх краінах Балтыі такі сцэнар лічаць малаверагодным. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіны Талін, Рыга і Вільнюс значна ўзмацнілі ўласную абарону і вывучылі тактыку расійскай арміі.

Асаблівая ўвага надаецца мяжам. Тры краіны разам ствараюць Балтыйскую лінію абароны з супрацьтанкавымі загародамі, агароджамі, патрульнымі дарогамі і электроннымі датчыкамі. Таму паўтарыць сцэнар «зялёных чалавечкаў», калі расійскія ваенныя і агенты ў 2014 годзе таемна пранікалі на тэрыторыю Украіны, цяпер будзе значна цяжэй.

«Любое адкрытае ўварванне расійскіх вайскоўцаў у Балтыйскі рэгіён сутыкнецца з неадкладным супраціўленнем», — пішуць аўтары.

Пры гэтым краіны Балтыі не збіраюцца чакаць рэакцыі НАТА. Паводле ацэнак іх разведвальных службаў, для паспяховага наступу Расіі спатрэбіцца больш войскаў і тэхнікі, чым мае цяпер Масква на тле вайны ва Украіне.

Нягледзячы на ўплыў расійскай прапаганды сярод часткі рускамоўнага насельніцтва Латвіі і Эстоніі, верагоднасць узнікнення прарасійскіх сепаратысцкіх рухаў ацэньваецца як нізкая.

Але цалкам выключаць небяспеку ў Таліне, Рыге і Вільнюсе не хочуць. У краінах Балтыі баяцца, што Крэмль можа недаацаніць іх здольнасць да супраціву. Менавіта такая памылка, як адзначаецца ў матэрыяле, была дапушчаная Масквой перад поўнамаштабным уварваннем ва Украіну ў 2022 годзе.

«Пуцін зацыклены на ваеннай моцы ЗША і схільны ігнараваць ролю малых краін», — лічаць эксперты.

Асноўную пагрозу цяпер бачаць не столькі ў неадкладным уварванні, колькі ў дыверсіях, правакацыях і іншых формах ціску. Падтрымка Украіны пры гэтым успрымаецца як важная частка ўласнай бяспекі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках