Расію накрыла новая хваля паліўнага крызісу
7- 18.09.2026, 22:13
- 5,788
Расіяне б'юцца ў чэргах.
У нафтавай дзяржаве – зноў квест «Знайдзі бензін»: пасля паспяховых удараў Украіны па НПЗ у Расіі – новая хваля паліўнага крызісу. Найгорш, верагодна, акупаванаму Крыму, дзе калапс не спыняўся ўсё лета.
Але ў верасні з'явіўся і новы эпіцэнтр – Санкт-Пецярбург, дзе кіроўцы гадзінамі стаяць у кіламетровых чэргах і масава скардзяцца ў сацсетках. Падборка відэа – у матэрыяле сайта «Гордон».
У чэрвені – ліпені на рынку паліва РФ быў моцны дэфіцыт з-за атак Украіны на расійскія нафтаперапрацоўчыя заводы і нафтабазы. Паводле даных Генеральнага штаба ЗСУ на пачатак ліпеня, украінскія атакі вывелі з ладу прыкладна 42,74% ад агульнай магутнасці нафтаперапрацоўкі РФ. З сярэдзіны ліпеня некаторыя рэгіёны ў РФ пачалі змякчаць ліміты на продаж паліва.
Але пасля гэтага дроны ЗСУ пачалі атакаваць заводы практычна штодня. Эфект гэтых атак адбіўся не адразу, аднак у жніўні з'явіліся паведамленні, што ў Маскве і рэгіёнах зноў пачаліся праблемы з бензінам. Да канца жніўня вытворчасць бензіна ў Расіі, паводле Reuters, упала прыкладна да 70% ад узроўню ўнутранага спажывання. У верасні палова найбуйнейшых вытворцаў дызеля ў Расіі скараціла выпуск. СМІ канстатавалі: у РФ – «новая хваля» росту цэн і дэфіцыту паліва.
Нават Пуцін зразумеў, што рабіць выгляд, быццам сітуацыя пад кантролем, бяссэнсоўна, – і заклікаў расіян рыхтавацца да працяглага дэфіцыту бензіна. І яго прагнозы гэтым разам збыліся.
Да сярэдзіны верасня ў Расіі паліва няма амаль на кожнай другой запраўцы, падлічыла «Новая газета Еўропа». Так, АІ-92 адсутнічае на 45% АЗС, а больш дарагі АІ-95 – на 53%. Для параўнання: напрыканцы жніўня паказчыкі складалі 33% і 38% адпаведна. Адначасова расце колькасць заправаў з чэргамі і абмежаваннямі на продаж паліва.
Наймацней дэфіцыт адчуваецца ў родным горадзе Пуціна — Санкт-Пецярбургу, і ў Ленінградскай вобласці. Там аўтамабілісты паведамляюць пра чэргі працягласцю больш за дзве гадзіны. У Ленінградскай вобласці, дзе пасля ўкраінскай атакі спыніўся найбуйнейшы на паўночным захадзе Расіі нафтаперапрацоўчы завод «Кінеф», забаранілі прадаваць больш за 30 л паліва на аўтамабіль да 1 кастрычніка.
На некаторых АЗС паліва няма ўвогуле, а дзе ёсць – прадаецца па завышаных цэнах.
«Проста нейкае пекла!» – скардзяцца жыхары горада на Неўе.
За апошні тыдзень СМІ адзначылі таксама востры недахоп бензіна ў Новарасійску, Краснадары, Іркуцку, Пермі, Сургуце, Растоўскай і Архангельскай абласцях, Ямала-Ненецкай і Ханты-Мансійскай аўтаномных акругах.
На праблемы расіяне рэагуюць па-рознаму. Хтосьці плача...
Хтосьці гатовы ў «ажорсткіх баях за бензін» здабываць каштоўны рэсурс дракамі...
Ці нават агнястрэльнай зброяй.
Некаторыя расіяне былі ўпэўнены, што «штучны дэфіцыт паліва» ствараюць іх уласныя палітыкі і да выбараў у Дзярждуму бензін на запраўкі вернецца. Але іх чаканні не апраўдаліся.
Удзельнікі рынку кажуць, што ўсе гэтыя праблемы непазбежна выльюцца ў далейшы рост цэн, нават калі ўявіць, што заўтра ўдары па НПЗ спыняцца, адзначае «Новая газета Еўропа».