3 верасня 2026, Чацвер, 9:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка хавае сакрэт Палішынэля

6
Лукашэнка хавае сакрэт Палішынэля
Фота: Reuters

Усе ключавыя гульцы працэсу бачаць гэтую ролю.

Ускосная брацка-суседская ваенная дапамога мінскага рэжыму калегам у Крамлі — даўно ні для каго не сакрэт. Але час ад часу суб'екты канфлікту падкрэсліваюць асабліва яскравыя прыклады такой дапамогі.

Паглядзім на два аспекты, пра якія апошнім часам гаварылі. Сага з рэтранслятарамі і шызафрэнічны прапагандысцкі выверт у адказ з бусламі на слупах і вар'яцкім Зяленскім скончыліся тым, што, паводле звестак інфарматараў, украінцы ўсё ж вывелі з ладу расійскую апаратуру на беларускай тэрыторыі ўдарнымі дронамі.

Геапалітычная сітуацыя такая, што ні Мінск, ні Кіеў не сталі раскручваць гэтую гісторыю далей. Хоць сам факт удару па ваенным аб'екце — гэта дакладна падзея, вартая ўвагі. Але праехалі, значыць праехалі.

На гэтым пытанне выкарыстання тэлекамунікацыйных магутнасцяў Беларусі для навядзення расійскіх дронаў не вычарпалася.

Дарадца Зяленскага, эксперт у дронавай справе Сяргей «Флэш» Бескрэстнаў, звярнуў увагу грамадскасці на цікавую заканамернасць — расійскія дроны, што атакуюць Кіеў, рухаюцца да мэты строга ўздоўж беларускай мяжы з поўначы на поўдзень.

Эксперт выказаў здагадку, што такая тактыка выкарыстоўваецца для максімальнага выкарыстання магчымасцяў беларускіх мабільных сетак сотавай сувязі для навігацыі расійскіх ударных дронаў. Для гэтага не патрэбныя спецыяльныя вайсковыя сістэмы сувязі, дастаткова толькі прывязкі да вышак.

Умоўна, дрон бачыць такую вышку, а вышка бачыць такі дрон прыблізна так жа, як узаемадзейнічае з сеткай тэлефон, што ляжыць у вас у кішэні.

Зноў загучалі прапановы нейкім чынам абмежаваць магчымасці выкарыстання беларускіх сотавых аператараў у ваенных дзеяннях. Але як гэта зрабіць без знішчэння базавых станцый на тэрыторыі Беларусі — не вельмі зразумела.

Тэхнічна ўкраінцы могуць гэта зрабіць: калі дроны далятаюць за Урал, то для іх зусім не праблема злётаць за бліжэйшую мяжу ў Беларусь. Але такія ўдары могуць абярнуцца сур'ёзнай эскалацыяй на паўночнай мяжы Украіны, у чым апошняя зусім не зацікаўленая.

З другога боку, украінская ўлада мае патрэбу ў інфармацыйнай «плыні перамог», што ўмацоўвае дух фронту і тылу. Таму не выключана, што тэма атрымае свой працяг.

Другі аспект — пастаўкі паліва з Беларусі ў Расію. Беларускія нафтаперапрацоўшчыкі адчуваюць сябе вельмі нядрэнна ва ўмовах дэфіцыту паліва ў РФ. Пакуль украінскія вайскоўцы паслядоўна, завод за заводам, выводзяць з гульні расійскую нафтавую галіну, беларускія НПЗ, якія знаходзяцца ў бяспецы, б'юць рэкорд за рэкордам па аб'ёмах продажу паліва ў Расію, пры гэтым гаруча-змазачныя матэрыялы (ГЗМ) вырабляюцца з расійскай сыравіны.

У ліпені Беларусь адправіла ў Расію прыкладна 212 тыс. тон бензіну і 162 тыс. тон дызельнага паліва. У параўнанні з тым жа перыядам 2025 года пастаўкі выраслі адпаведна прыкладна ў 25 і 7 разоў. У жніўні тэмпы крыху праселі, але аб'ёмы застаюцца вельмі высокімі. Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў заявіў, што беларускія НПЗ ужо пастаўляюць паліва Расіі «на максімум».

Пры гэтым іншыя суседзі РФ не гэтак жвава зацікаўлены ў падтрыманні паліўнага балансу краіны, што ваюе. Найбуйнейшыя казахстанскія вытворцы паліва пакуль не зацікавіліся схемай «расійская нафта — казахстанская перапрацоўка — расійскі бензін». У Казахстане ў гэты вытворча-лагістычны ланцуг уключыўся толькі адзін адносна невялікі вытворца — НПЗ «Кандэнсат». Здзелка выглядае выгаднай для яго, бо 30 працэнтаў вырабленага паліва застаецца ў Казахстане, а 70 ідзе ў РФ. Астатнія нафтаперапрацоўшчыкі, відаць, ацэньваюць санкцыйныя і іншыя рызыкі і не спяшаюцца ўвязвацца ў такія схемы з расіянамі.

У выніку Беларусь па-ранейшаму — ключавы саюзнік РФ, які дапамагае ёй у агрэсіўнай вайне супраць Украіны і лагістычна, і навігацыйна, і рэсурсна.

Усе ключавыя гульцы працэсу бачаць гэтую ролю, і яна не застаецца незаўважанай сёння, калі вайна ў актыўнай фазе, і не застанецца без ацэнкі і пасля таго, як вайна скончыцца і прыйдзе час расстаўляць акцэнты.

Ад фактычнага выніку вайны і становішча бакоў залежыць, якімі будуць гэтыя акцэнты. Рэпарацыі для кампенсацыі шкоды ад агрэсіі або анексіі і кантрыбуцыі ад тых, хто прайграў, — пакажа час.

Сяргей Кавальчук, «Салідарнасць»

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках