Лукашэнку ў Маскве двойчы «прад’явілі» за нафту
5- Андрэй Бранішэўскі
- 1.09.2026, 6:34
- 17,494
Нязручны атрымаўся візіт.
У Расіі няма і не можа быць прэтэнзій да свайго беларускага саюзніка. Аляксандр Лукашэнка сам так сказаў. Відаць, таму што там у Расіі пра гэта не былі ў курсе. Праўда, за час двухдзённага візіту давялося двойчы тлумачыць адсутнасць прэтэнзій. Спачатку — прэм’ер-міністру Міхаілу Мішусціну, а потым і Уладзіміру Пуціну. Дык што, можа, прэтэнзій і няма, але, здаецца, некаторыя пытанкі маюцца.
«Думаю, і вам няма за што прад’явіць прэтэнзіі да Беларусі. Павінен яшчэ раз публічна вас запэўніць, што ўсё, што мы намячалі, выконваецца і будзе выканана. Ад драбязы з палівам — дызелем, рознымі маркамі бензіну і гэтак далей», — сказаў Лукашэнка на сустрэчы з Мішусціным.
Мішусцін пра адсутнасць прэтэнзій да саюзніка нічога не сказаў. Абмежаваўся глыбокім задавальненнем з нагоды сістэмнага росту тавараабароту. Таму на наступны дзень пра вернасць саюзніцкаму абавязку давялося тлумачыць ужо Пуціну.
«Што да бягучых пытанняў, мы свята выконваем усе нашыя дамоўленасці, пачынаючы ад сельскай гаспадаркі, прадуктаў харчавання, паліва», — сказаў Лукашэнка.
То-бок, дзе пачынаецца выкананне дамоўленасцяў цяпер, нібыта, зразумела. З сельскай гаспадаркі, прадуктаў харчавання і паліва. А вось дзе яно заканчваецца, поўнай яснасці пакуль няма. Хаця нават наконт пачатковага этапу поўная яснасць ёсць толькі ў Лукашэнкі. Пуцін, здаецца, трохі сумняваецца.
«Дынаміка нашых адносін такая, што ўвесь час з’яўляюцца новыя і новыя моманты, на якія трэба звярнуць увагу, узгадніць, адрэгуляваць», — сказаў Пуцін.
Звярнуць увагу можна, напрыклад, на бензін. У чэрвені і ліпені Беларусь па-саюзніцку дапамагла Расіі пастаўкамі паліва. За два месяцы толькі бензіну прадала 350 тысяч тон. Па словах пуцінскага Пяскова, у жніўні пастаўкі таксама былі максімальнымі.
Але з верасня «Нафтан», зусім не па-саюзніцку, збіраецца спыніцца на планавы прафілактычны рамонт. Улічваючы, што з паліўным крызісам у Расіі ўсё толькі пачынаецца, тут сапраўды ёсць што рэгуляваць. Бо вербальнымі інтэрвенцыямі пра адсутнасць прэтэнзій дэфіцыт бензіну не закрыеш.
Не кажучы ўжо пра галоўную праблему саюзнікаў. Вызначальную праблему, якую трэба рашуча вырашаць. Па імені яе называць не трэба.
«На перспектыву пагаворым пра нашу агульную праблему, якую нам даводзіцца вырашаць на поўдні Беларусі і на захадзе Расійскай Федэрацыі. Сапраўды — праблема. Але мы яе вырашым. Мы яе вырашым, як бы каму гэта ні хацелася, — сказаў Лукашэнка Мішусціну. — Таму жадаю нам, бо ўсе пытанні даводзіцца вырашаць разам, каб мы спраўляліся з гэтымі праблемамі».
Што ў Расіі на захадзе, а ў Беларусі на поўдні? Пачынаецца на «У», заканчваецца на «а». Калі ў вас ёсць правільны адказ, лепш пакіньце яго пры сабе.
Андрэй Бранішэўскі, planbmedia.io