Foreign Affairs: Параноя Пуціна пачала паралізаваць Расію
- 31.08.2026, 11:34
- 5,996
Крамль страчвае здольнасць разумець рэальнае становішча спраў.
На фоне адсутнасці перспектыў завяршэння вайны ва Украіне Крамль узмацняе кантроль над уласным народам, піша Foreign Affairs.
Выданне адзначае, што з пачатку паўнамаштабнага ўварвання абмежаванні для насельніцтва ў РФ рэгулярна ўзмацняюцца. Менш відавочным, але не менш важным з’яўляецца рэзкае змяненне ў дактрыне ўнутранай бяспекі у РФ, адзначае выданне.
Паколькі на фоне вайны Крамлю патрэбная больш агрэсіўная стратэгія, каб трымаць пад кантролем верагодных апазіцыянераў і шараговых расіян. У прыватнасці, ФСБ, якая ў апошнія дзесяцігоддзі засяроджвалася на барацьбе з тэрарызмам, цяпер займаецца пошукам шпіёнаў. І ўсё гэта вядзе да ўсеагульнай параноі.
«Кіраванне, заснаванае на паляванні на шпіёнаў і параноі, мае сур’ёзныя наступствы. Паколькі дзяржаўныя ўстановы і прыватныя прадпрыемствы баяцца рэпрэсій з боку ФСБ, яны пачалі хаваць дакладныя даныя, пазбягаць прыняцця рашэнняў і ўвогуле пераключацца на рэжым выжывання. Сярод шараговых расіян і дзяржаўных службоўцаў распаўсюджанне сацыяльнага кантролю і пераслед за дзяржаўную здраду стварылі паўсюдны клімат недаверу і ўзмацнілі пачуццё паралічу», – адзначае выданне.
Журналісты дадаюць, што ў РФ часта пад выглядам «барацьбы са шпіёнамі» арыштоўваюць людзей, якія не падтрымліваюць дзяржаўную палітыку. У прыватнасці, выступаюць супраць вострай канфрантацыі з Захадам. Падкрэсліваецца, што калі да паўнамаштабнага ўварвання ў РФ штогод узбуджалася 10–15 спраў аб дзяржаўнай здрадзе, то ўжо ў 2024 годзе іх колькасць узрасла да 361, а за першы квартал 2026 года было зарэгістравана 143 такія справы.
І хоць такі падыход дазваляе Крамлю ўзмацняць свой палітычны кантроль, гэта адначасова падрывае здольнасць кіраваць дзяржавай, адзначае выданне. Бо спробы ператварыць любую мнімую палітычную пагрозу ў патэнцыйны акт дзяржаўнай здрады прыводзяць да таго, што дзяржава абапіраецца не на прававыя нормы, а на «сакрэтныя ацэнкі ФСБ». І на гэтым фоне расійскія эліты прыхоўваюць ад кіраўніцтва краіны ўсё больш інфармацыі, якая можа не падабацца Крамлю. Усё гэта прыводзіць да таго, што чыноўнікі не паведамляюць пра праблемы да таго часу, пакуль яны не перарастуць у крызісныя сітуацыі.
«Для Крамля сёння рызыка паралічу эліт з’яўляецца рэальнай: цяпер яна распаўсюджваецца не толькі на даследніцкую і экспертную супольнасць, але і на вышэйшых чыноўнікаў і лідараў прамысловасці ў Маскве і рэгіёнах. Разбураючы пятлю зваротнай сувязі, неабходную любому стабільнаму ўраду, нават самыму аўтарытарнаму, каб заставацца пры ўладзе, рэжым Пуціна становіцца менш здольным разумець рэальнае становішча спраў у Расіі. А гэта ў доўгатэрміновай перспектыве можа зрабіць Пуціна значна больш уразлівым перад сапраўдным палітычным крызісам», – падсумоўвае выданне.