Як прынцып «самі з вусамі» ўдарыў па Лукашэнку бумерангам
2- 2.08.2026, 20:43
- 13,232
На прыкладзе ўбачанага ў цэху «Савушкіна прадукту».
На гэтым тыдні правіцель завітаў у Брэсцкую вобласць, дзе яму зладзілі экскурсію па адным з прадпрыемстваў ААТ «Савушкін прадукт» і заадно ўручылі ў дар скульптуру каровы ў натуральную велічыню, піша «Салідарнасць».
У афіцыйным рэпартажы з Бярозы мільганула характэрная дэталь: пакуль правіцель рэўніва выведваў у світы, ці замяніў новы прэс-падборшчык імпартныя аналагі, у кадр трапіў малакавоз.
Усё б нічога, але гэта быў не МАЗ, а кітайскі Sitrak. І справа тут не толькі ў тым, што гэта яшчэ адно пацвярджэнне сумнага факту выціскання беларускай тэхнікі з уласнага рынку кітайскімі вытворцамі.

Грузавікі Sitrak кітайскі канцэрн Sinotruk вырабляе пры ўдзеле нямецкай кампаніі MAN. Той самай, што ў 1998-м прыйшла ў Беларусь для стварэння сумеснага прадпрыемства з Мінскім аўтазаводам.
У 2022-м Лукашэнка распавёў губернатару Пензенскай вобласці Алегу Мельнічэнку, як развітаўся з немцамі:
«І ў нас таксама немцы працавалі. І МАЗ — MAN і «Неаплан» у свой час на МАЗе. Кантракт скончыўся, я ім паціснуў руку, сказаў: „Дзякуй, далей мы будзем развівацца самі“. Чаго б нам гэта ні каштавала — усе гэтыя цяжкасці, складанасці».
Як бачым, прынцып «самі з вусамі» усё часцей вяртаецца бумерангам.