Гэтай ноччу Беларусь наведаў тарнада
2- 2.08.2026, 10:30
- 11,976
Стыхія прайшла за 15 км ад Беларускай АЭС.
На паўночным захадзе Смаргонскага і паўднёвым усходзе Астравецкага раёна прайшоў тарнада. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал «Метеовайб», які спецыялізуецца на асвятленні надвор'я. Падобна, што гэта ўсяго 13-ы па ліку тарнада ў айчыннай гісторыі.
Тэлеграм-канал «Дневник 6 курса метеорологии» удакладняе, што ў гэтых мясцінах уздоўж трасы ад вёскі Малыя Рачуны (у Смаргонскім раёне) да аграгарадка Рымдзюны (у Астравецкім раёне) на адлегласці як мінімум 10 км выяўлены пашкоджанні: паваленыя і паламаныя дрэвы, месцамі ветравалы, пашкоджаныя дахі, платы, дарожныя знакі. Дрэвы былі паваленыя хаатычным чынам: напрыклад, адны — з захаду на ўсход, крыху далей — з усходу на захад і г.д. Тарнада прайшоў за 15 км ад Беларускай АЭС.
Тарнада (смерч) — гэта віхравы слуп паветра, які цягнецца ад воблака да зямлі. Ён утвараецца, калі зверху апускаецца халоднае паветра і фарміруе кучава-дажджавое воблака. Цёплае паветра знізу пачынае падымацца, вытясняючы халоднае. Ветры ўзмацняюцца, пачынаюць рухацца ўверх і ўніз, закручваючыся ў спіраль. Паступова воблака ўцягваецца ў гэты віхор, з'яўляецца бачная варонка. Калі яна датыкаецца зямлі, яе класіфікуюць як тарнада.
Як тлумачылі ў 2024-м у Белгідрамеце, за апошнія больш як 30 гадоў смерчы адзначаліся ў нашай краіне толькі 11 разоў (у тым ліку ў чэрвені 2024 года; такім чынам, выпадак, што адбыўся ў 2025-м, — 12-ы па ліку). Большасць з іх адносіліся да 1–2-га класа інтэнсіўнасці паводле шкалы Фуджыты (усяго ў ёй шэсць узроўняў — ад 0 да 5).

Адзін з самых разбуральных тарнада (2–3-і клас) адбыўся ў жніўні 1993 года ў Шаркоўшчынскім і Міёрскім раёнах Віцебскай вобласці. Тады быў перакулены 35-тонны прычэп, дрэвы былі паламаныя і выдраныя з карэннем, пашкоджаныя і часткова сарваныя дахі, вышыбленыя шыбы і гэтак далей. У 2023-м з-за смерчу на Мінскім моры загінула дзяўчына.
