У Гродзенскай вобласці прадаюць старадаўнюю сядзібу
1- 1.08.2026, 21:18
- 1,168
Дом мінулага стагоддзя з тэнісным кортам ацанілі ў 120 тысяч долараў.
У маляўнічым мястэчку ў Гродзенскай вобласці прадаецца сядзіба мінулага стагоддзя. Пры гэтым, у адрозненне ад большасці падобных пабудоў, дом не патрабуе глабальнага рамонту. Апошнія гады тут размяшчаўся гатэль і адпачывалі турысты. Цяпер для комплексу шукаюць новых гаспадароў. Таргі за дом з вялікім зямельным участкам пройдуць на пляцоўцы «БУТБ-Имущество», піша Realt.by.
База адпачынку размясцілася на ўскраіне горада Масты, на вуліцы Янкі Купалы, 62. Непадалёк знаходзіцца чыгуначная станцыя. Адлегласць да Мінска — каля 240 кіламетраў, адлегласць да Гродна — 60 кіламетраў.

Каменны дом з мансардай, класічным фасадам і калонамі пабудавалі ў 1920-я гады ў тады папулярным закопанскім стылі. Вакол маёнтку заклалі сад і разбілі невялікі дагледжаны парк, фрагменты якога часткова праглядаюцца і сёння.
Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР у будынку адкрылася сярэдняя школа, а ўжо ў нашы дні тут размясцілася аграсядзіба «Явар» з банкетнай залай. Яна працавала пад кіраўніцтвам мясцовай жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Агульная плошча мураванага будынка складае каля 270 квадратных метраў. Акрамя аграсядзібы, у склад лота ўваходзяць дзве майстэрні, альтанка, калодзеж і ўласны тэнісны корт. У комплексе ўжо ёсць усе камунікацыі — электразабеспячэнне, водаправодная сетка і аўтаномная каналізацыя.

Сядзіба займае зямельны ўчастак плошчай каля 1,7 га. Новы ўласнік атрымае гэту зямлю ў арэнду на 50 гадоў. Комплекс знаходзіцца крыху ўбаку ад горада, у спакойным месцы. У саміх Мастах працякае рака Нёман, а летась тут пасля рэканструкцыі адкрылі самы доўгі ў краіне падвесны пешаходны мост са шклянымі ўстаўкамі.
Пачатковы кошт сядзібы складае 345 тысяч рублёў (120 тысяч долараў паводле курса Нацыянальнага банка). Таргі пройдуць у электронным выглядзе на пляцоўцы «БУТБ-Имущество». Яны прызначаныя на 25 жніўня.