79‑гадовая пенсіянерка спрабавала спаліць дом з унукам і яго дзяўчынай
- 30.07.2026, 13:12
Бабуля лічыла дзяўчыну непадыходнай парай.
У вёсцы Кімія Барысаўскага раёна 79‑гадовая жанчына здзейсніла спробу падпаліць дом — ёй не спадабаўся выбар унука, паведамляе «Мінская праўда».
Па інфармацыі СК, у ноч на 28 ліпеня пажылая жанчына, незадаволеная раманам свайго ўнука з мясцовай жыхаркай, прыйшла да дома дзяўчыны і паленам разбіла аконнае шкло. Тады яе супакоіла суседка, і пенсіянерка пайшла.
Аднак пазней, калі маладыя людзі вярнуліся і глядзелі тэлевізар, бабуля прыйшла зноў, праз разбітае акно абліла памяшканне гаручай вадкасцю і падпаліла.
Дом з маладымі людзьмі не згарэў, бо хлопец з дзяўчынай яшчэ не спалі і змаглі хутка патушыць агонь.
Жанчына затрыманая і не адмаўляе сваёй віны.
Высветлілася, што раней яна ўжо мела судзімасць за падпал.
Супраць пенсіянеркі ўзбуджана крымінальная справа за замах на наўмыснае знішчэнне маёмасці, ёй пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.