Беларус хацеў выехаць у Польшчу з расійскімі рублямі стогадовай даўніны
4- 25.07.2026, 13:15
- 2,006
Спыніла мытня.
Вадзіцель аўтобуса, які ехаў у Польшчу праз памежны пераход «Брэст», вёз з сабой больш за сотню расійскіх рублёў дарэвалюцыйнага ўзору. Купюры выявілі, цяпер мужчыну давядзецца адказаць паводле закону, паведаміў Дзяржаўны мытны камітэт.
Вадзіцель рэйсавага аўтобуса «Брэст-Варшава», які ехаў у Польшчу, на пытанне мытні адказаў, што не мае пры сабе тавараў для дэкларавання. Аднак у ягоным заплечніку знайшлі 138 банкнотаў розных наміналаў і гадоў выпуску.
«Мытны эксперт устанавіў, што 136 з накіраваных на даследаванне грашовых знакаў адносяцца да катэгорыі культурных каштоўнасцяў, паколькі яны былі створаныя больш за 100 гадоў таму. Кошт калекцыі склаў каля 1,6 тыс. рублёў», — паведамілі ў ДМК.

За спробу незаконнага вывазу з Беларусі буйной партыі старадаўніх банкнотаў 37-гадовага беларуса прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці па ч. 1 арт. 15.5 КаАП. Яна прадугледжвае штраф ад 225 да 1350 рублёў для фізічных асоб, а для ІП і юрыдычных асоб — да 30% ад кошту прадмета адміністрацыйнага правапарушэння.