У Тайландзе разагналі «рускую вёску»
12- 17.07.2026, 19:41
- 23,138
Ёсць затрыманыя.
Улады Тайланда, следам за Інданезіяй, пачалі кампанію супраць так званых «расійскіх вёсак». У правінцыі Чонбурі паліцыя затрымала чатырох грамадзян Расіі ў межах расследавання магчымых парушэнняў заканадаўства пры аперацыях з элітнай нерухомасцю, паведамляе The Nation.
Паводле звестак выдання, праваахоўнікі правялі вобшукі па 41 адрасе, канфіскавалі рэгістрацыйныя дакументы, бухгалтарскія запісы, камп'ютары і тэлефоны.
Расследаванне закранае жылыя комплексы агульным коштам каля $154 млн, якія рэкламаваліся як «руская вёска». Следчыя высвятляюць, ці выкарыстоўваліся грамадзяне Тайланда ў якасці намінальных акцыянераў, каб схаваць рэальны замежны кантроль над кампаніямі і абысці абмежаванні на валоданне зямлёй і вядзенне бізнесу.
Як паведамляе паліцыя, правы на каля 775 дамоў у пяці жылых комплексах аформлены праз больш як 495 кампаній, з якіх 435 маюць замежных акцыянераў. Пад следства трапілі 33 кампаніі: меркаваецца, што 19 з іх маглі выкарыстоўваць падстаўных тайскіх акцыянераў, а яшчэ ў 14 доля замежнага ўдзелу перавышала дапушчальныя нормы. Асобна правяраецца роля двух тайскіх бухгалтараў, якія значацца акцыянерамі адразу 186 кампаній — следству трэба ўстанавіць, ці ўкладалі яны ўласныя сродкі, ці толькі фармальна валодалі долямі ў інтарэсах замежнікаў.
The Nation адзначае, што расследаванне ў Чонбурі — частка агульнанацыянальнай кампаніі супраць схем з намінальнымі ўладальнікамі, якія дазваляюць замежнікам абыходзіць забарону на валоданне зямлёй і вядзенне асобных відаў бізнесу ў Тайландзе. У паліцыі паабяцалі пашырыць праверкі.
Падобныя меры раней, вясной, былі прыняты на інданезійскім востраве Балі. Губернатар вострава І Ваян Костэр заявіў, што ўлады ліквідавалі так званыя «рускую» і «ўкраінскую» вёскі — раёны кампактнага пражывання замежнікаў, якія сфармаваліся пасля масавага пераезду туды грамадзян Расіі і Украіны. Паводле слоў губернатара, замежнікі актыўна ўкладваліся ў нерухомасць і адкрывалі бізнес, аднак падобныя паселішчы супярэчаць мясцовым правілам і культурнай палітыцы вострава. Пасля праверак улады закрылі незарэгістраваныя аб'екты і ўзмацнілі кантроль за зямлекарыстаннем і арэндай віл.
Напрыканцы 2024 года на Балі быў затрыманы заснавальнік комплексу апартаментаў PARQ Ubud Андрэ Фрэй, якога мясцовыя СМІ называлі стваральнікам «рускай вёскі» — паводле версіі следства, комплекс пабудавалі з парушэннем правілаў зямлекарыстання на сельскагаспадарчых землях. Акрамя таго, улады Балі ў апошнія гады ўзмацнілі кантроль за выкананнем замежнікамі міграцыйнага заканадаўства: сярод найбольш частых прычын дэпартацыі грамадзян Расіі — нелегальная праца, вядзенне бізнесу без неабходных дазволаў і парушэнне правілаў знаходжання.