14 жнiўня 2026, Пятніца, 0:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Гэтая паездка можа дорага абыйсціся Сабаленцы»

13
«Гэтая паездка можа дорага абыйсціся Сабаленцы»
ФОТА: GETTY IMAGES

Навошта першая ракетка свету пампезна прыляцела ў Беларусь?

Першая ракетка свету Арына Сабаленка прыляцела на прыватным бізнэс-джэце Gulfstream IV у Мінск 14 ліпеня, каб адкрыць тэнісныя корты і правесці майстар-клас на тэрыторыі роднай школы. «Белсат» спытаў эксперта, што насамрэч можа азначаць такі адкрыты візіт топавай спартсменкі, якая дагэтуль ездзіла ў Мінск толькі таемна.

Сустрэча з хлебам-соллю і танцамі

Пасля адпачынку ў Грэцыі першая ракетка свету Арына Сабаленка разам са сваім сабакам і жаніхом — бразільскім бізнесменам грэцкага паходжання і аўтагоншчыкам Георгіясам Франгулісам — прыляцела чартарным рэйсам у Мінск. У аэрапорце іх сустрэлі народнымі танцамі і хлебам-соллю, як можна было заўважыць у Instagram праекта First & Red, з якім супрацоўнічае Сабаленка.

Вядома, што тэнісістка ўзяла ўдзел у адкрыцці тэнісных кортаў Tigerhood x First&Red (завулак Казлова, 11 у Мінску). У межах візіту таксама заяўлены майстар-клас ад Арыны ў СДЮШАР «Змена» на Казлова, 11, аўтограф-сэсія і магчымасць пагутарыць з першай ракеткай свету. Гэтай магчымасцю, мяркуючы па соцсетках, вырашылі скарыстацца сотні чалавек.

Паведамляецца, што праект будзе сацыяльна скіраваным. Пасля адкрыцця двума прафесійнымі грунтавымі кортамі будуць карыстацца дзеці і аматары тэніса. Цяпер у спартсменаў будзе сучасная база для заняткаў — там, дзе калісьці пачынаўся шлях першай ракеткі свету.

Нагадаем, раней Сабаленка скардзілася, што яе заняткі ў Мінску былі складанымі, бо ў Беларусі не было дзяржаўнай тэніснай праграмы, як у іншых краінах.

«Многія трэнеры казалі мне, што я дурная, і што адзінае, што я магу рабіць, — гэта перабіваць мяч, што я ніколі не траплю ў топ-100», — узгадвае яна.

Патэнцыял у ёй разгледзеў падсанкцыйны бізнесмен і адзін з «кашалькоў» Аляксандра Лукашэнкі — Аляксандр Шакутын. Паводле яе слоў, цяпер у іх няма прафесійных сувязяў, але яна па-ранейшаму ўдзячная яму за падтрымку тады.

«Менавіта ён па-сапраўднаму паверыў у мяне. Быўлі і іншыя людзі, якія верылі ў мяне, але менавіта ён мне дапамог», — узгадвала тэнісістка.

Патрапіць на адкрыццё можна было па рэгістрацыі.

First & Red — гэта спартыўны медыяпраект, які папулярызуе тэнісную культуру на рускай мове і супрацоўнічае з рознымі тэнісістамі. Акрамя Сабаленкі, афіцыйнымі тварамі брэнда з'яўляюцца Карэн Хачанаў, Аляксандр Бублік і Дыяна Шнайдэр. А Tigerhood — гэта назва яшчэ аднаго праекта па стварэнні імянных тэнісных кортаў сумесна з ужо згаданымі First & Red і Арыной Сабаленкай (выява тыгрыцы — яе вядомы сімвал і тату на руцэ).

Раней Сабаленка распавядала, што апошні раз была ў Мінску ў снежні 2025-га.

«Я вельмі хацела пабачыць бабуль. Я іх не бачыла два гады», — тлумачыла яна.

Чаму менавіта цяпер Сабаленка вырашыла адкрыта прыехаць у Мінск?

Спартыўны блогер і журналіст Яраслаў Пісарэнка выказаў «Белсату» сваё меркаванне наконт гэтага візіту. На яго думку, гэта букмэкерская акцыя разам з кампаніямі, якія прасоўвае Сабаленка.

«Для мяне гэта выглядае проста як букмэкерская акцыя. То-бок Сабаленка супрацоўнічае з гэтымі First & Red і, наколькі я разумею, гэта іх акцыя, ужо не першы раз яны штосьці ладзяць па ўсім свеце. Вось цяпер вырашылі завезці ў Мінск Сабаленку на адкрыццё гэтых кортаў. Гэта тое, што я дакладна ведаю», — сказаў Яраслаў Пісарэнка.

Па меркаванні эксперта, цяпер варта пытацца не пра тое, якія корты яна адкрывае, а чаму менавіта цяпер Арына Сабаленка вырашыла так «пампезна ўехаць у Мінск», хоць да гэтага прылятала таемна і нячаста. Нават цяпер у яе асабістым акаўнце няма ніводнага фота ці відэа з Мінска.

«Галоўнае тут, што прыезд Сабаленкі ў Мінск — гэта ў пэўным сэнсе такая заява, бо да гэтага яна ўжо вельмі даўно не была ў Мінску. А калі яна прыязджала ў Мінск, мы пра гэта даведваліся проста праз сторыс ці пасты нейкіх людзей. Яна сама гэта ніяк не публікавала. Арына Сабаленка, якая вельмі актыўная ў соцсетках, у Instagram не зрабіла ні сторысу, ні рылса, ні фотачкі з Мінска. А цяпер мы бачылі відэа, як яе хлебам-соллю сустрэлі каля трапа самалёта. І гэта ўжо выглядае як супержаданы госць, якога вельмі доўга чакалі. Таму галоўная цікавасць — чаму менавіта цяпер вось Арына Сабаленка вырашыла так пампезна ўехаць у Мінск?» — задаўся пытаннем Яраслаў Пісарэнка.

На яго думку, ёй можа дорага абысціся гэтая паездка. І яшчэ значна болей, калі яна не зможа пазбегнуць сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

«Яна магла спакойна займацца сваёй кар'ерай і рэкламнымі кантрактамі, бо, калі паглядзець на статыстыку, у яе пачалі вельмі расці даходы ад рэкламных кантрактаў. Думаю, калі гэтая сустрэча [з Аляксандрам Лукашэнкам] сапраўды адбудзецца, гэтыя пытанні [пра стаўленне да вайны ва Украіне] зноў узнікнуць. Лічу, што ў Сабаленкі будзе шмат праблем менавіта з пункту гледжання іміджу: тыя брэнды, якія з ёй супрацоўнічаюць, могуць перагледзець сваё стаўленне да Сабаленкі. Думаю, для яе гэта будзе каштаваць вельмі дорага. Таму мне заўсёды здавалася, што яна вельмі не хоча гэтай гіпатэтычнай сустрэчы. Але ці зможа яна не трапіць на гэтую сустрэчу — у мяне вялікае пытанне».

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках