«Лукашэнка няспроста забегаў»
20- 15.07.2026, 13:27
- 24,014
Як Кітай выціскае беларускія тавары з Расіі.
У распараджанне BELPOL трапіла пастанова калегіі Мінпрама №10/1. Гэты дакумент прызначаўся толькі для ўнутранага карыстання. У трэцім пункце пастановы праца амаль двух дзясяткаў холдынгаў прызнана незадавальняльнай па выніках 2025 года. У «чорным спісе» — флагманы кшталту «БЕЛАЎТАМАЗ», «БЕЛАЗ-ХОЛДЫНГ», «МТЗ-ХОЛДЫНГ», «Гомсельмаш» і «АМКАДОР».
Дакумент фіксуе не толькі папяровыя справаздачы, але і рэальныя правалы. Напрыклад, праблемы з надзейнасцю трамваяў Т811 і тролейбусаў 32100D ужо выйшлі за межы краіны — прэтэнзіі паступаюць з Краснадара.
Яшчэ трывожней, як адзначаецца, сітуацыя на МТЗ. Спробы «імпартазамясціць» заходнія тэхналогіі кітайскімі вузламі прывялі да масавага зносу рухавікоў Weichai WP10.
«Салідарнасць» папрасіла пракаментаваць гэты дакумент кіраўніка праекта «Кошт Урада» Уладзіміра Кавалькіна. А таксама патлумачыць, што цяпер адбываецца ў сферы прамысловасці.
— Гэтая інфармацыя — найперш зборная ўцечка, якая пацвярджае агульны трэнд, бачны па макраэканамічных даных. Беларуская апрацоўчая прамысловасць сапраўды пачала адчуваць сябе дрэнна яшчэ ў 2025 годзе, і гэты трэнд працягваецца, — адзначае ў экспрэс-каментары Кавалькін.
Тут важна вылучыць дзве складнікі прамысловасці. Адная частка працуе на ваенна-прамысловы комплекс, другая — на грамадзянскі. Шмат якія прадпрыемствы працуюць і на тое, і на тое.
Тыя, хто працуе на ВПК, пакуль яшчэ адчуваюць сябе больш-менш добра, бо ёсць попыт з Расіі. Дрэнна сябе адчувае грамадзянская складовая. Тут комплекс прычын. Адна з галоўных — гэта Кітай. Беларусь знаходзіцца пад санкцыямі і не можа закупляць па ўсім свеце кампаненты для ўласнай прамысловасці. Напрыклад, для аўтобусаў МАЗ, і ў выніку яны загараюцца. А загараюцца таму, што заходнія кампаненты былі замененыя на кітайскія.
Кітайскія — гэта не абавязкова адразу дрэнна, але яны адстаюць ад еўрапейскіх ці амерыканскіх. Найбольшая праблема ў тым, што, калі ствараецца пэўная адзінка прадукцыі, напрыклад аўтобус, яна разлічваецца на пэўныя нагрузкі.
Калі няма магчымасці набыць кампанент, які быў прадугледжаны ў тэхнічных разліках для аўтобуса, тролейбуса, грузавіка, самазвала і іншага, і ты замяняеш яго кітайскім аналагам, ён часта аказваецца альбо горшай якасці, альбо проста не разлічаны на гэтыя нагрузкі, з-за чаго ўсё ламаецца. Гэта што да якасці прэславутай беларускай прадукцыі — тое, што мы назіралі ў выглядзе палаючых беларускіх аўтобусаў па ўсёй Расіі.
Другі важны момант, працягвае суразмоўца, у тым, што беларускай прамысловасці даводзіцца канкураваць з Кітаем на расійскім рынку.
— Кітайская тэхніка ад пачатку створаная пад свае кампаненты і з'яўляецца больш надзейнай, чым беларуская. Да таго ж з Кітаем вельмі цяжка канкурыраваць па цане, бо гэта велізарная краіна, у якой вялікі імпарт і экспарт — яны могуць дыктаваць умовы на закуп сыравіны, матэрыялаў і г.д., а Беларусь — не. Адпаведна, цана на кітайскія прамысловыя прадукты ў Расіі будзе ніжэйшая.
Менавіта таму прадукцыя беларускай апрацоўчай прамысловасці стала неканкурэнтаздольнай на расійскім рынку. Адсюль і вынік — беларускай прамысловасці ўсё горш і горш.
— У гэтай пастанове патрабуюць прыцягваць намеснікаў дырэктараў і начальнікаў цэхаў да дысцыплінарнай адказнасці за любыя зрывы планаў, усталяваць персанальную адказнасць за кожны пункт «Камплекснага плана», а таксама больш актыўна прымяняць дэкрэт, які дазваляе звальняць персанал у спрошчаным парадку.
Як вы думаеце, такія меры могуць выправіць сітуацыю ў прамысловасці?
— Рэакцыя адміністрацыйна-каманднай сістэмы не спрацуе па шэрагу прычын. Па-першае, дэмаграфічны крызіс — звольніўшы аднаго чалавека, будзе складана знайсці іншага. Праблема з кадрамі вельмі сур'ёзная — Лукашэнка не проста так носіцца па свеце і прапануе то пакістанцам, то ўзбекам у нас працаваць. Калі пачаць усіх звальняць або даваць нейкія спагнанні — людзі будуць з'язджаць альбо змяняць працу.
Па-другое, як я ўжо казаў, чаму гэта ўсё адбываецца — кампаненты і сыравіна не з'яўляюцца моцным бокам беларускай прамысловасці, як і тэхналогіі. Па сыравіне, па цане і па тэхналогіях мы канкурыраваць не можам — і Захад лепшы, і Кітай ужо апярэдзіў Беларусь.
Што застаецца? Канкураваць па зарплатах і плаціць менш, чым плацяць, напрыклад, кітайцам. Тады можна будзе вырабляць танны нізкаякасны тавар, які зойме сваю нішу. Але гэта таксама невыканальна, бо Беларусь знаходзіцца побач з ЕС. Ды нават Расію можна разглядаць як рынак працоўнай сілы.
То-бок, калі ўводзіць дысцыплінарныя спагнанні плюс паніжаць работнікам заробак, каб прадукцыя была па цане канкурэнтаздольнай з Кітаем, яны проста разбягуцца з фабрык. Таму задача, якая ставіцца ў рамках дзеючай эканамічнай палітыкі, невыканальная.