Пад Мінскам зноў заўважылі велізарную чаргу
4- 1.07.2026, 18:58
- 11,062
За чым на гэты раз?
У чарзе за моці беларусы пастаялі, цяпер абмяркоўваюць чаргу за чарэшняй. Пад Мінскам, у Самахвалавічах, заўважаныя дзясяткі чалавек з вёдрамі, часткова або цалкам запоўненымі летняй ягадай. Так праходзіць самазбор, абвешчаны Інстытутам пладаводства, піша Onlíner.
У запрашэнні пазначана, што папярэдні запіс не патрэбны, пры сабе пажадана мець тару. Прывялі і кошт чарэшні — 12 рублёў за кілаграм. Ахвотнікаў сабралася столькі, што на ўзважванне ўраджаю ўтварылася чарга, і супрацоўнікам Інстытута давялося ўсталёўваць дадатковыя вагі.

А ў каментарыях разгарэлася спрэчка пра цану ягады. Частка карыстальнікаў лічыць, што мясцовая чарэшня павінна быць танней, асабліва ўлічваючы «самаабслугоўванне»:
— Гэта нейкі новы від трэнінгу? Тымбілдынг? У чым сутнасць? Можна ж купіць па гэтай цане або крыху даражэй.
— Я насамрэч не разумею, чым абгрунтаваная такая цана. Чаму яна даражэйшая, чым ягада, якую сабралі ў іншай краіне, плюс транспартныя выдаткі, выдаткі на захоўванне ў нас, арэнда месца і г. д., і г. п.
— Патлумачце мне, у чым кайф збіраць чарэшню па 12 руб./кг пры 29 градусах, ды яшчэ і ехаць па яе за горад, калі на Камароўцы можна купіць ягаду па 10 руб./кг. Прычым смачную і салодкую ягаду.
Іншыя карыстальнікі адзначаюць, што штогод карыстаюцца магчымасцю з раніцы на свежым паветры сабраць беларускую чарэшню. Пры гэтым цана не такая ўжо важная, лічаць людзі:
— На самазборы і не павінна быць танней. Вы бераце адборную свежую ягаду.
— Плюс яшчэ тое, што будзе з'едзена без аплаты, — намякаюць у адказах.