Рыдлі Скот здыме «Востраў скарбаў»
5- 8.06.2026, 21:08
- 1,580
З Г'ю Джэкманам у ролі Джона Сільвера.
Брытанскі рэжысёр Рыдлі Скот рыхтуецца да працы над новай экранізацыяй рамана Роберта Льюіса Стывенсана «Востраў скарбаў». Пра гэта паведамляе выданне Deadline са спасылкай на крыніцы ў галіне.
Паводле іх звестак, роля правадыра піратаў Джона Сільвера дастанецца акцёру Г'ю Джэкману.
Гатовы праект з падрыхтаванымі сцэнарам і акцёрскім складам будзе прадстаўлены буйным кінастудыям ужо 8 чэрвеня. Чакаецца, што паміж імі разгорнецца канкурэнцыя за правы на фільм.
Пры гэтым студыя 20th Century, якая традыцыйна супрацоўнічае са Скотам, адмовілася ад праекта, нягледзячы на права пераважнага выбару. Паводле інфармацыі крыніц, гэтае рашэнне звязана з тым, што кампанія Disney, якая валодае студыяй, засяроджаная на развіцці франшызы «Піраты Карыбскага мора» і не хоча ствараць канкурэнцыю паміж двума пірацкімі праектамі.
Раман «Востраў скарбаў», апублікаваны ў 1883 годзе, лічыцца адным з найвядомейшых прыгодніцкіх твораў у сусветнай літаратуры. Кніга была перакладзеная больш як на 50 моў, а агульны наклад перавысіў 100 мільёнаў асобнікаў.