Каталікі ў Польшчы адзначаюць Божае Цела
1- 4.06.2026, 12:57
Гэта адзін з найважнейшых святаў, падчас якога вернікі спавядаюць веру ў прысутнасць Ісуса Хрыста ў Святых Дарах.
4 чэрвеня каталікі ў Польшчы адзначаюць свята Прэсвятых Цела і Крыві Хрыстовых, вядомае ў Польшчы як Божае Цела, перадае «Польскае радыё»
Гісторыя свята Божага Цела сягае Сярэднявечча — сярэдзіны XIII стагоддзя. Урачыстасць Прэсвятых Цела і Крыві Хрыстовых была ўстаноўлена папам Урбанам IV 11 жніўня 1264 года булой Transiturus. Свята хутка распаўсюдзілася па Еўропе. У Польшчы ўжо ў сярэдзіне XIV стагоддзя яго ўрачыста адзначалі ў Кракаве. Пасля эўхарыстычнай літургіі вуліцамі гарадоў і вёсак ідзе працэсія да чатырох алтароў. Ля кожнага з іх чытаюцца ўрыўкі з Евангелля і ўзносяцца малітвы. Працэсія завяршаецца благаслаўленнем вернікаў.

«Цэнтральнае месца ў нашай веры займае эўхарыстычны культ, — кажа тэолаг, прафесар Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла II святар Марэк Хмелэўскі.
«Наш выхад з Прэсвятымі Дарамі на вуліцы гарадоў і вёсак, у грамадскія месцы, з’яўляецца не толькі прызнаннем веры ў рэальную прысутнасць Хрыста, але і сведчаннем таго, што мы — Касцёл. Такім чынам мы сведчым пра сваю веру і евангелізуем тых, хто пры гэтым часта застаецца толькі назіральнікам або проста цікаўцам, успрымаючы тое, што адбываецца, як фальклорную падзею або своеасаблівае народнае свята».
Адна з найбуйнейшых у краіне лічыцца кракаўская працэсія, якая праходзіць ад Вавельскага замка да Галоўнай рыначнай плошчы. Паводле традыцыі наперадзе ідуць дзяўчынкі, што рассыпаюць кветкавыя пялёсткі.
Працэсіі з Прэсвятымі Дарамі ў свята Божага Цела адбываюцца ва ўсіх рэгіёнах свету. Яны з’яўляюцца сведчаннем веры ўдзельнікаў і выразам народнай пабожнасці.
W całej Polsce rozpoczynają się procesje Bożego Ciała pic.twitter.com/3XbDrFiU7f
— niedziela_pl (@niedziela_pl) June 4, 2026
Божае Цела — пераходнае свята, якое адзначаецца праз 60 дзён пасля Вялікадня. У Польшчы яго святкуюць у чацвер пасля ўрачыстасці Святой Тройцы; гэты дзень з’яўляецца афіцыйным выходным. У некаторых краінах, напрыклад у Італіі, святкаванне перанесена на нядзелю.