4 чэрвеня 2026, Чацвер, 9:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Германія ўпершыню ў гісторыі не была абраная ў Савет Бяспекі ААН

Германія ўпершыню ў гісторыі не была абраная ў Савет Бяспекі ААН

Гэта выклікала хвалю абмеркаванняў у дыпламатычных колах.

Германія не змагла атрымаць месца ў Савеце Бяспекі ААН. Гэта адбылося ўпершыню ў гісторыі краіны, што выклікала хвалю абмеркаванняў у дыпламатычных колах.

Пра гэта паведамляюць Euronews і Politico.

Галасаванне ў Генеральнай Асамблеі адбылося ў сераду. На кану было пяць вакантных месцаў, а ўдзельнікі выбіралі прадстаўнікоў ад розных рэгіёнаў свету паводле квотнага прынцыпу.

Новымі непастаяннымі членамі сталі:

Кіргізстан (упершыню з 1991 года);

Зімбабвэ;

Трынідад і Табага;

Партугалія;

Аўстрыя.

Гэтыя краіны пачнуць сваю працу з 1 студзеня 2027 года і заменяць Пакістан, Самалі, Грэцыю, Данію і Панаму. Выбар Кіргізстана стаў асаблівым момантам — гэта толькі другі выпадак за дзесяць гадоў, калі ў Савет трапляе краіна з Цэнтральнай Азіі. Раней гэта ўдавалася толькі Казахстану.

Чаму Германія апынулася па-за бортам

Германія разлічвала на падтрымку большасці, аднак галасоў не хапіла. Нямецкія дыпламаты ўжо пачалі аналізаваць прычыны фіяска.

Міністр замежных спраў Германіі Ёган Вадэфуль назваў тое, што адбылося, «горкай паразай». Ён лічыць, што ключавую ролю адыграла пазіцыя краіны адносна канфлікту на Блізкім Усходзе. Берлін непахісна падтрымлівае Ізраіль, і гэта адштурхнула многія краіны, асабліва з так званага Глабальнага Поўдня.

Вадэфуль заявіў, што вынік не зменіць стратэгію дзяржавы. Ён падкрэсліў, што Германія працягне «выконваць сваю гістарычную адказнасць» перад Ізраілем. Прынцыпы аказаліся важнейшымі за крэсла ў ААН.

Расійскія інтрыгі і ціск Крамля

Акрамя пазіцыі адносна Ізраіля Германіі перашкодзіла каварнасць Масквы, якая пляла інтрыгі з-за актыўнай падтрымкі Германіяй Украіны. Ёган Вадэфуль абвінаваціў Крэмль у мэтанакіраванай агітацыі. Паводле яго слоў, Расія манеўравала, каб заблакаваць доступ Германіі да самага ўплывовага органа планеты.

«Не сакрэт, што Расія не хоча такога голасу за сталом Савета Бяспекі, а таксама распаліла настроі супраць нас», — сказаў міністр.

Як працуе Савет Бяспекі

Цяпер Савет складаецца з 15 членаў. Пяць з іх маюць статус пастаянных. Гэта ЗША, Вялікабрытанія, Францыя, Расія і Кітай. Яны валодаюць правам вета. Гэтая сістэма дзейнічае з часоў завяршэння Другой сусветнай вайны.

Астатнія 10 месцаў займаюць непастаянныя члены. Іх абіраюць на двухгадовыя тэрміны. Выбары праходзяць паэтапна, каб склад органа абнаўляўся паступова. Для Германіі прысутнасць у гэтым спісе заўсёды была пытаннем прэстыжу і ўплыву на сусветныя працэсы.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках