Ryanair зменіць правілы размяшчэння пасажыраў
1- 25.06.2026, 20:33
- 1,324
Лоўкост-перавозчык дазволіць бацькам бясплатна сядзець побач з дзецьмі.
Ірландскі лоўкост-перавозчык Ryanair зменіць правілы размяшчэння пасажыраў і дазволіць бацькам бясплатна сядзець побач з дзецьмі пасля пачатку расследавання з боку брытанскага Упраўлення па канкурэнцыі і рынках (CMA). Пра гэта паведаміла Financial Times.
Сям'і змогуць скарыстацца бясплатным выпадковым размеркаваннем суседніх месцаў. У Ryanair назвалі змяненне «незначнай карэкцыяй палітыкі» і заявілі, што яно не паўплывае на даходы перавозчыка. Паводле новых правілаў, бясплатныя месцы для бацькоў будуць прадастаўляцца ў хвасце самалёта, тады як пярэднія рады застануцца даступнымі для платнага браніравання.
Праверка CMA пачалася пасля скаргаў на практыку, паводле якой бацькі былі абавязаныя сядзець побач з дзецьмі, але мусілі асобна аплачваць выбар месца. Кошт такой паслугі складаў каля £8 ($10,56) за рэйс. Аналагічныя патрабаванні распаўсюджваліся і на некаторых пасажыраў з інваліднасцю.
У рэгулятары заявілі, што маюць намер праверыць, ці адпавядае новая палітыка патрабаванням заканадаўства аб абароне правоў спажыўцоў. Пры гэтым расследаванне адносна ранейшай практыкі Ryanair працягваецца.
Паводле даных CMA, Ryanair была адзінай буйной авіякампаніяй, якая выконвае рэйсы з Вялікабрытаніі, што спаганяла дадатковую плату за абавязковае сумеснае размяшчэнне бацькоў і дзяцей.