«Са становішча паміж молатам і кавадлам Лукашэнка ўжо не выскачыць»
2- Аляксандр Класкоўскі
- 25.06.2026, 8:58
- 3,330
Зяленскі, натхнёны поспехам першага ультыматуму, можа выставіць другі і трэці.
«Рэтранслятары на сёння не працуюць», — паведаміў увечары 24 чэрвеня Уладзімір Зяленскі. Тым самым украінскі прэзідэнт даў зразумець, што яго ультыматум Аляксандру Лукашэнку як мінімум часткова выкананы.
«Дэмантавалі іх ці не, шчыра кажучы, пакуль не ведаю. Але мы працуем над гэтым, і я вельмі ўважліва сачу і атрымліваю штодзённыя даклады», — дадаў Зяленскі.
Паводле звестак ягоных вайскоўцаў, абсталяванне на беларускай тэрыторыі, якое дапамагала наводзіць расійскія дроны і з якім украінцы пагражалі разабрацца самі, было адключана яшчэ 22 чэрвеня.
Такім чынам, кіраўнік Беларусі разважліва палічыў, што лепш не дачакацца, пакуль па рэтранслятарах (а можа, і не толькі па іх) не прыляціць ад паўднёвых суседзяў, якія дастаюць беспілотнікамі ўжо і да Урала, і да Пецярбурга, і да Масквы.
«Ага, дыктатар уцякае!»
Між тым пасля ўчарашняй заявы Лукашэнкі, што ён накіроўваецца ў доўгую замежную камандзіроўку, сярод часткі ягоных палітычных недабразычліўцаў пачала панаваць сумесь злорадства і эйфарыі. Ага, маўляў, дыктатар уцякае ад адплаты. А камусьці ўжо пачаў мроіцца ледзь не Мінск за тры дні намаганнямі доблесных ЗСУ.
Цяпер становіцца зразумела, што на сустрэчу з Уладзімірам Пуціным (а потым, верагодна, у Інданезію) Лукашэнка выбіраецца з адносна спакойнай душой. Дарэчы, гэтыя ягоныя візіты былі анансаваныя, таму версія пра ўцёкі з карабля выглядае толькі ілюзіяй. Для кагосьці прыемнай, але ілюзіяй.
Хутчэй за ўсё, кіраўнік пэўным чынам ужо разруліў сітуацыю ў дыялогу з Кіевам па закрытых каналах.
Нагадаю, што Зяленскі казаў пра наяўнасць такіх кантактаў, калі тлумачыў, што яго ультыматум узнік не з бухты-барахты: «На ўзроўні разведак і вайскоўцаў Беларусь на ўзроўні кіраўніцтва атрымлівала інфармацыю: «Сканчайце дапамагаць рускім»».
Але ўгаворы, мяркуючы па ўсім, не падзейнічалі. Кліент, як высветлілася, разумее толькі мову сілы.
Як удалося пераканаць «старэйшага брата»?
Узнікае пытанне: а як жа Лукашэнка дамовіўся з Крамлём адключыць гэтыя рэтранслятары? Рабіць гэта без дазволу было б, мабыць, надта дзёрзка.
Можна дапусціць, што малодшы саюзнік прывёў Пуціну прыкладна тыя ж разважанні, якія нечакана адкрыта прагучалі ў гучным інтэрв'ю «Аль-Арабіі»: «Беларусь вельмі ўразлівая ў ваенным сэнсе, калі Украіна пачне атакаваць…» і г.д.
Смадэлюем прыкладна такі дыялог са «старэйшым братам»: «Валодзя, дык будзе дрэнна не толькі мне, але і табе. Калі разнясуць Мазырскі НПЗ, дык тваё ж войска без паліва застанецца. І табе яшчэ сілы давядзецца перакідваць у Беларусь, а дзе ты іх возьмеш?»
І сапраўды, насуперак распаўсюджанаму наратыву, адкрыццё беларуска-украінскага фронту наўрад ці выгаднае — прынамсі зараз — і Пуціну.
Яму ледзь хапае гарматнага мяса на цяперашнюю бойню, эканоміка дыміцца ва ўсіх сэнсах, абвяшчаць непапулярную мабілізацыю не хочацца прынамсі да вераснёўскіх выбараў у Дзярждуму.
Лукашэнка, кажучы пра верагодны другі фронт даўжынёй больш за тысячу кіламетраў, у тым жа інтэрв'ю «Аль-Арабіі» прызнаў: «Мы з расіянамі пры цяперашнім ходзе вайны не зможам забяспечыць абарону гэтага ўчастка».
То-бок пра нейкае наступленне на Украіну з поўначы цяпер і гаворкі няма. Паводле меркавання беларускага галоўнакамандуючага, наадварот, не ўдасца нават паспяхова абараняцца.
Як бачым, тут ужо не да понтаў, не да пагроз «Арэшнікам». Украінская ІПСО намацала слабіну беларускага кіраўніка і дае свае плады.
Лукашэнка ж заўсёды сябраваў з Масквой не дзеля вялікадзяржаўнай ідэі, не праз «духоўныя скрэпы», а дзеля танных рэсурсаў ды прыкрыцця сваёй асобы вайсковым парасонам імперыі.
А калі гэты парасон ужо ненадзейны, то даводзіцца выкручвацца нават коштам страты твару. Гэта ўсё ж лепш, чым прылят дрона на НПЗ, а то і ў ўласную рэзідэнцыю.
Імперыя так проста не адпусціць
Дарэчы, не выключана, што для адноснага захавання твару Мінск заявіць нешта кшталту: ды там і не было ніякіх рэтранслятараў, гэта ўсё ўкраінскія выдумкі, інфармацыйная вайна.
Але ў любым разе са становішча паміж молатам і кавадлам Лукашэнка не выскачыць. Бо Зяленскі, натхнёны поспехам першага ультыматуму, можа выставіць другі, трэці. Перастаньце пастаўляць расійскай арміі бензін, мікраэлектроніку для іх зброі і г.д. Хутчэй за ўсё, так і задумана планам украінскай ІПСО.
І тут ужо Пуцін устане дыбам.
Карацей, беларускаму кіраўніку чакае на рэдкасць цяжкая размова са «старэйшым братам». З імперскага капкана, у які сам лез столькі гадоў, цяпер паспрабуй вырвіся.
Аляксандр Класкоўскі, «Позірк»