Як перажыць моцную спёку без кандыцыянера?
- 25.06.2026, 8:39
- 2,682
Правераныя метады экспертаў.
Як астудзіцца ў моцную спёку без кандыцыянера, каб не «закіпець» у кватэры або на працы?
Парадамі падзяліліся The Guardian.
Каб падтрымліваць камфортную тэмпературу дома, важна не пускаць цяпло ўнутр у пікавыя гадзіны. Сцюарт Уокер, навуковы супрацоўнік па ацэнцы ўстойлівага развіцця ў Універсітэце Шэфілда, раіць зачыняць фіранкі або жалюзі.
Калі сонца трапляе ў пакой на працягу пэўнага перыяду, ён награваецца, а потым застаецца гарачым.
Як толькі сонца заходзіць, вокны адчыняюць для праветрывання і запуску прахалоднага паветра ў жыллё. Пажадана ўсталяваць маскітныя сеткі, каб пакідаць вокны адчыненымі на ўсю ноч. У шматпакаёвых або шматпавярховых дамах для спальняў варта выбіраць самыя прахалодныя памяшканні — звычайна яны выходзяць на поўнач або знаходзяцца на ніжніх паверхах.
Як карыстацца вентылятарам у спёку
Эфектыўнасць вентылятараў наўпрост залежыць ад тэмпературы наваколля. Прафесар Олі Джэй адзначае, што пакуль тэмпература застаецца ніжэй за 40 °C, вентылятары дзейсна змяншаюць спёку ў памяшканні.
Але пры больш высокіх паказчыках, напрыклад +45 °C, яны паскараюць разагрэў цела і працэс пацення. Для максімальнага эфекту астуджэння пакоя лепш выбіраць вялікія падлогавыя вентылятары.
Меншыя настольныя або партатыўныя мадэлі, хутчэй за ўсё, проста будуць «ганяць» гарачае паветра і не забяспечаць істотнага астуджэння.
Што насіць у спёку
У спякотнае надвор'е трэба аддаваць перавагу адзенню з натуральных тканін. Выбірайце рэчы светлых колераў і свабодных фасонаў, каб нічога не ліпла да цела. Лепш выбіраць рэчы з лёну або бавоўны.
Для ніжняй бялізны можна выбраць тканіны, што хутка ўбіраюць вільгаць і сохнуць.
Пітны рэжым і знаходжанне на вуліцы
У спякотныя дні крытычна важна піць больш вады. Лепш дзейнічаць напераджваючы. Выпівайце сваю норму вады. Універсальная колькасць у спёку — 6–8 шклянак вады на дзень.
Кава і чай могуць уваходзіць у агульны аб'ём выпітай вадкасці, але ад алкаголю варта ўстрымлівацца, асабліва калі цягам дня ў вас будуць фізічныя нагрузкі.
На вуліцы выбірайце ценістыя бакі і максімальна пазбягайце сонца з 11:00 да 15:00 з-за высокага індэксу ўльтрафіялету. Абавязкова насіце капялюш і сонцаахоўныя акуляры, а перад выхадам з дому карыстайцеся сонцаахоўнымі крэмамі для твару і цела.
Як хутка палегчыць свой стан у спёку
Хутка палегчыць стан дапамагаюць: шклянка халоднай вады, абмыванне або прыкладанне мокрага ручніка да патыліцы. Дома дзейсным метадам з'яўляецца халодны душ або насіць вільготнае адзенне.
Адмовцеся ад выкарыстання пліты, духоўкі, аэрагрыля, якія награваюць кватэру. Для сну выбірайце пасцель з бавоўны, лёну або шоўку.
«Каб знізіць тэмпературу непасрэдна перад сном, прымайце прахалодны душ. Халодная вада паменшыць тэмпературу скуры і цела, а калі вы застанецеся вільготнымі, то атрымаеце карысць ад дадатковага выпарэння падчас высыхання», — кажа Джэй.
Па магчымасці перабудавайце свой расклад так, каб пазбягаць актыўнасцей на вуліцы ў найбольш спякотныя гадзіны. Так вы знізіце рызыку цеплавога стрэсу. Асаблівую асцярожнасць павінны праяўляць уразлівыя групы — дзеці да 5 гадоў, людзі 65+, цяжарныя жанчыны і людзі з хранічнымі захворваннямі.
Калі тэмпература перавышае +40 °C, яна становіцца небяспечнай для ўсіх. У такім выпадку варта шукаць прытулак у грамадскіх месцах з кандыцыянерамі — у гандлёвых цэнтрах, кінатэатрах або басейнах.
Калі тэмпература ў доме стабільна вышэй за +28 °C, варта падумаць пра кандыцыянер, вентылятар або ўвільгатняльнік паветра. Акрамя традыцыйных кандыцыянераў, энергаэфектыўнай альтэрнатывай з'яўляюцца выпаральныя ахаладжальнікі, якія выкарыстоўваюць ваду для астуджэння паветра і спажываюць няшмат энергіі.