Узброеныя Сілы Украіны ракетамі паразілі базу «Ахмата»
- 19.05.2026, 20:45
- 6,968
Ліквідавана больш за 60 акупантаў.
Нядаўна чачэнскае падраздзяленне «Ахмат» Узброеных сіл РФ панесла адну з самых сур’ёзных страт за ўсю вайну. У выніку ракетнага ўдару Сіл абароны Украіны як мінімум 60 «кадыраўцаў» развіталіся з жыццём.
Пра гэта 18 траўня паведаміў чачэнскі апазіцыйны канал NIYSO, са спасылкай на інфармаваную крыніцу.
«За апошнія два дні адно з расійскіх падраздзяленняў «Ахмат» панесла вялікія страты. Прычынай стаў ракетны ўдар па аб’екце, які выкарыстоўваўся як месца дыслакацыі», — паведаміў рэсурс.
Ён удакладніў, што як мінімум 60 вайскоўцаў былі ліквідаваныя, вялікая колькасць вайскоўцаў атрымала раненні.
Мясцовыя суполкі Чачні запоўніліся шматлікімі жалобнымі паведамленнямі. Але кіраўнік рэспублікі Рамзан Кадыраў маўчыць.
«Родныя ў паніцы і просяць усіх маліцца. На ЧГТРК (чачэнскім дзяржаўным тэлеканале — рэд.) пра жах, які адбываецца, ні слова», — адзначыў NIYSO.
Наймаладзейшаму вайскоўцу «Ахмата», ліквідаванаму падчас гэтага ўдару, было ўсяго 18 гадоў. NIYSO сцвярджае, што на фронце ён правёў менш за адзін тыдзень.