Кароль Карл III і каралева Каміла ў Белфасце пагралі на бубнах і ўзялі ўрок хіп-хопу
- 19.05.2026, 20:43
Фотафакт.
Падчас візіту ў Белфаст (Паўночная Ірландыя) брытанскі кароль Карл III і каралева Каміла узялі ўдзел у мясцовым культурным фестывалі. Каралеўская чэта таксама вырашыла далучыцца да музыкаў і пачала граць на боўранах — ірландскіх бубнах.
«Так атрымалася, што на крэслах ляжала пара боўранаў. Кароль з каралевай заўважылі іх і вырашылі далучыцца да нас. Гэта было проста выдатна», — сказаў мясцовы фолк-выканаўца Ніал Маклін. Пасля выступлення кароль Карл III і каралева Каміла паразмаўлялі з маладымі музыкамі і танцорамі, паведамілі, што ім «вельмі падабаюцца боўраны і ірландскія валынкі».

Падчас фестывалю каралеўская чэта назірала за выступленнем мясцовага хіп-хоп-калектыву. «Потым кароль папрасіў, каб мы навучылі яго хіп-хопу, — паведаміў адзін з танцораў. — Паводле яго слоў, ён хоча навучыцца рабіць каралеўскі хіп-хоп».
Карл III і каралева Каміла таксама сустрэліся з прэм’ер-міністрам Паўночнай Ірландыі Мішэль О’Ніл, з прадстаўнікамі малога і сярэдняга бізнесу Белфаста і наведалі мясцовую школу.