Журналістка раскрыла змест размовы Трампа і Пуціна
4- 16.05.2026, 19:44
- 5,680
Кіраўнік Крэмля адмовіўся ад мірных перамоў.
Расія не плануе падпісваць мірную дамову. Пра гэта, паводле слоў украінскай журналісткі Юліі Забелінай, нібыта заявіў Уладзімір Пуцін прэзідэнту ЗША Дональду Трампу падчас іх апошняй тэлефоннай размовы, піша unian.net.
Спасылаючыся на крыніцы ў кулуарах амерыканскай улады, журналістка сцвярджае, што спецпасланцы Трампа Джарэд Кушнер і Стывен Уіткоф не наведалі Кіеў, бо не маюць альтэрнатыўных прапаноў, апрача ідэі перадачы Данбаса Расіі, з чым Украіна катэгарычна не згодная.
«Як мне сказаў адзін суразмоўца тут, у Вашынгтоне, у гэтай перамоўнай пары пакуль няма ніякага іншага рашэння, акрамя як прапаноўваць Украіне нешта вырашыць з Данбасам. І Расія, вядома, цісне на гэта. Ніякіх іншых ідэй у іх няма», — заявіла Забеліна.
Паводле яе слоў, магчымы візіт Кушнера і Уіткова ў Кіеў можа мець хутчэй сімвалічны характар, чым практычную перамоўную мэту.
Таксама журналістка сцвярджае, што ў Вашынгтоне не выключаюць увядзення новых санкцый супраць Расіі, бо там сумняваюцца ў гатоўнасці Масквы спыніць вайну.
«Пацвярджэннем, у прыватнасці, стала размова Пуціна і Трампа, якая нядаўна адбылася па тэлефоне, калі Пуцін фактычна адзначыў: „Да канца гэтага года дамовы з украінцамі, Дональд, не чакай“. Расійскія чыноўнікі, армія і выведка пераконваюць Пуціна, што яны здольныя да канца года ўзяць Данбас, і тады размова пойдзе ўжо па іншым сцэнарыі», — сцвярджае журналістка.