Эстонія заклікала Еўропу адмовіцца ад перамоваў з РФ
2- 16.05.2026, 18:02
- 1,132
Пуцін знаходзіцца ў уразлівым становішчы.
Еўрапейскім краінам не варта ўступаць у прамыя перамовы з Крэмлём, паколькі Расія цяпер знаходзіцца ў уразлівым становішчы. Замест пошуку кампрамісаў саюзнікам варта ўзмацняць санкцыйны ціск. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Эстоніі Маргус Цахкна, паведамляе Bloomberg.
Паводле слоў кіраўніка эстонскага МЗС, актывізацыя кантактаў Масквы з еўрапейскімі дзяржавамі звязаная з нарастаннем эканамічных цяжкасцяў і адсутнасцю сур'ёзных поспехаў Расіі на фронце на пятым годзе поўнамаштабнай вайны.
Цахкна лічыць, што Крэмль спрабуе знайсці магчымасць для манеўру, а таму адказам Захаду павінна стаць не змякчэнне пазіцыі, а далейшае ўзмацненне абмежавальных мер.
«Зараз не час для размоў і перамоў. Зараз самы час узмацняць ціск на Расію», — падкрэсліў ён падчас канферэнцыі Ленарта Меры ў Таліне.
Міністр таксама раскрытыкаваў імкненне асобных еўрапейскіх лідараў перахапіць дыпламатычную ініцыятыву на фоне зніжэння актыўнасці ЗША ў пытанні ўрэгулявання канфлікту.
На яго думку, спробы тэрмінова аднавіць дыялог з Масквой могуць стаць памылкай.
«Мы скептычна ставімся да ідэі, што трэба спяшацца ў Маскву і пачынаць перамовы толькі таму, што Расія аслабла. Зараз для гэтага не час», — адзначыў дыпламат.
Цахкна таксама заявіў, што магчымасці Уладзіміра Пуціна паступова вычэрпваюцца, а заходнія санкцыі аказваюць адчувальны ціск на расійскую эканоміку.
Акрамя таго, ён указаў на сур'ёзныя страты Расіі на полі бою, а таксама на дзейсныя ўдары Украіны па аб'ектах нафтавай інфраструктуры і лагістыкі ў глыбіні расійскай тэрыторыі.