У «абіцелі» Лукашэнкі пачаўся мор
28- Арцём Сініцын, «Салідарнасць»
- 16.05.2026, 13:38
- 21,982
Бяда да лукашыстаў прыйшла, адкуль не чакалі.
Памятаеце, як кіраўнік махаў перад чыноўнікамі і прыдворнай прэсай фотаздымкамі мёртвых цялят, палохаючы, што гараджане могуць згубіць розум ад такой карцінкі?
А як галоўны кантралёр Герасімаў пры гэтым маланкава адрапартаваў пра цяперашняе месцазнаходжанне — «Ужо ў СІЗА!» — старшыні злашчаснага калгаса, дзе выявілі той самы скотамагільнік пад адкрытым небам?
А ўсе гэтыя бясконцыя абяцанні чыноўнікам апошняй мужыцкай размовы на тэму падэжу жывёлы? Усе гэтыя пагрозы драць, як Сідаравых коз, бо «гэта ўжо нават не крыміналка»?
А прызваныя выціснуць слёзу замілавання гісторыі «пра цялятка, якое мне як дзіця?» і «карова лізнула руку Лукашэнку»?
Падаецца, у галоўнага кантралёра Герасімава ёсць яшчэ адна прычына пакласці чарговую папачку на стол Лукашэнку. Бо гаворка пра страты ад падэжу птушкі на суму больш за 2 млн рублёў і пра 900 тысяч шкоды ад падэжу буйной рагатай жывёлы.
Але наўрад ці мы ўбачым пафасны сюжэт пра галоўнага ратаўніка цялят менавіта з гэтай гаспадаркі. Бо гаворка, як выявіў канал «Віцебск, я гуляю», пра «Аляксандрыйскае».
Тое самае пацёмкінскае ААТ «Аляксандрыйскае», куды кіраўнік прыязджае папазіраваць за рулём новага камбайна, пакатаць шпіца ў калясцы матацыкла і проста адпачыць.

Тое самае «Аляксандрыйскае», што належыць упраўленню справамі Лукашэнкі і атрымлівае з бюджэту дзесяткі мільёнаў рублёў у межах дзяржпадтрымкі. Адным словам, «гэта іншае».
І ўсё ж гэта яшчэ адна нагода задумацца над тым, які ад можа чыніцца ў калгасах папрасцей, калі ад падобнага не застрахавана нават гаспадарка са статусам узорна-паказальнай вітрыны.

Арцём Сініцын, «Салідарнасць»