10 траўня 2026, Нядзеля, 19:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дроны спынілі армію Пуціна

Дроны спынілі армію Пуціна

Расійскія войскі не могуць прарваць украінскую абарону.

Нягледзячы на заявы Крэмля пра «непазбежную перамогу» ў вайне з Украінай, расійская армія фактычна завязла на фронце. Як піша The New York Times, расійскія войскі дагэтуль не могуць вырашыць ключавую праблему сучаснай вайны: як здзяйсняць маштабныя прарывы ва ўмовах татальнага дамінавання дронаў на полі бою.

Выданне адзначыла, што хоць расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін спрабаваў пераканаць прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, што яго войскі рухаюцца да непазбежнай перамогі, сітуацыя на полі бою сведчыць пра адваротнае. Пасля поспехаў напрыканцы мінулага года расійская армія практычна спынілася, а на некаторых участках нават страціла тэрыторыі.

Паводле ацэнак NYT, калі тэмпы наступу, якія Расія дэманструе сёлета, захаваюцца, ёй спатрэбіцца больш за тры дзесяцігоддзі, каб цалкам захапіць Данбас – менавіта гэта Крэмль назваў умовай завяршэння вайны.

У той жа час, як мяркуе выданне, гэта запаволенне можа быць часовым з-за сезоннага фактару. Расійскія войскі звычайна актывізуюцца летам дзякуючы лепшаму надвор’ю і больш шчыльнай расліннасці, якая забяспечвае лепшае прыкрыццё ад дронаў. Украінскія чыноўнікі нядаўна папярэджвалі, што расійскія войскі рыхтуюцца да новых наступаў і ўзмацнілі актыўнасць уздоўж усёй лініі фронту.

Асноўная праблема – дроны

Як гаворыцца ў матэрыяле, Расія ўваходзіць у гэтую фазу з шэрагам сур’ёзных праблем. У прыватнасці, сёлета расійскія сілы страцілі доступ да спадарожнікавага інтэрнэту Starlink, які выкарыстоўваўся для каардынацыі дронаў. Акрамя таго, абмежаванні працы Telegram, уведзеныя Крэмлём у межах кантролю над інтэрнэтам, стварылі цяжкасці для камунікацыі паміж вайсковымі падраздзяленнямі.

Аднак галоўнай нявырашанай для яе праблемай, паводле выдання, застаецца тое, як ажыццяўляць буйныя прарывы на полі бою, насычаным дронамі. Бо часы, калі салдаты масава прарывалі фронт на бранятэхніцы, у асноўным засталіся ў мінулым.

«Цяпер супрацьстаянне паміж Кіевам і Масквой усё больш зводзіцца да распрацоўкі лепшых дронаў і больш эфектыўных сродкаў абароны ад іх. На асобных участках фронту Украіна ў апошнія месяцы атрымала перавагу дзякуючы хуткаму развіццю тэхналогій, вытворчасці і тактыкі. Але Расія актыўна спрабуе дагнаць Украіну, ствараючы больш маштабныя беспілотныя сілы пасля запуску элітнага падраздзялення дронаў пад назвай «Рубікон»», – піша выданне.

Адзначаецца, што дроны прымусілі расійскія войскі змяніць стратэгію. Цяпер яны спрабуюць паступова пранікаць на тэрыторыю невялікімі групамі салдат, часта пешшу. Гэта прывяло да пашырэння «шэрай зоны» – тэрыторыі, дзе прысутнічаюць войскі абодвух бакоў і кантроль над якой застаецца нявызначаным.

«Лепшае, што яны могуць зрабіць, – гэта выкарыстоўваць тактыку інфільтрацыі і атакаваць сеткі забеспячэння, якія знаходзяцца даволі далёка за лініяй фронту, – атакуючы ўкраінскія каманды беспілотнікаў і лагістычную падтрымку. Але гэта не прыводзіць да хуткіх поспехаў. Яны нібыта завязлі», – сказала старшая навуковая супрацоўніца Фонду Карнегі за міжнародны мір Дара Масікот.

Яна дапусціла, што Расія, не маючы магчымасці захопліваць вялікія тэрыторыі, магчыма, лічыць найлепшай стратэгіяй паступовае прасоўванне. Маўляў, гэта дазваляе ёй пазбягаць маштабных аперацый, якія могуць праваліцца і паставіць пад сумнеў перспектывы перамогі.

Тэмпы прасоўвання Расіі

Запаволенне тэмпаў прасоўвання Расіі сёлета пацвярджаюць тры арганізацыі, што адсочваюць сітуацыю на фронце: Інстытут вывучэння вайны, Black Bird Group і DeepState. Дзве з гэтых арганізацый паведамілі, што былі месяцы, калі Расія страчвала больш тэрыторый, чым захоплівала, хаця ўсё больш пашыраная «шэрая зона» прыводзіць да розных трактоўкаў таго, што лічыць захопленай тэрыторыяй. Мізэрныя поспехі Расіі за апошнія тры месяцы, паводле статыстыкі Black Bird, сталі найгоршым вынікам на полі бою ва Украіне з 2023 года.

Страты Расіі

Гэтыя крайне абмежаваныя дасягненні каштавалі Расіі велізарных страт, адзначаюць журналісты. Паводле ацэнак расійскіх выданняў Mediazona і Meduza, да канца мінулага года ў вайне загінулі прыблізна 352 тысячы расійскіх салдат. Гэта больш як у шэсць разоў перавышае колькасць амерыканскіх вайскоўцаў, якія загінулі падчас вайны ў В’етнаме. Паводле паведамленняў амерыканскіх і еўрапейскіх чыноўнікаў, на фоне росту страт Расія ў першыя месяцы года таксама не выканала планы па наборы навабранцаў, і гэта нараджае пытанне, як доўга Крэмль зможа падтрымліваць вайну без новага непапулярнага прызыву.

Колькі тэрыторыі захапіла Расія

На працягу большай часткі мінулага года тактыка малых груп прыносіла Расіі вынікі, хоць і павольна. Паводле дадзеных Black Bird, на працягу 2025 года расійская армія захапіла 1768 квадратных міль тэрыторыі ва Украіне (4579,12 кв. км) – плошчу, крыху большую за памер амерыканскага штата Род-Айленд. Пра адсутнасць асаблівых поспехаў Расіі сведчыць і тое, што яна гадамі вядзе баі за Пакроўскае і Часаў Яр, але лінія фронту дагэтуль фактычна праходзіць праз гэтыя населеныя пункты, што падкрэслівае агульны застой на полі бою.

Праблемы ва ўкраінскай арміі

Як адзначыла выданне, ва ўкраінскай арміі таксама ёсць праблемы, у прыватнасці хранічны недахоп асабовага складу і высокі ўзровень дэзертырства. Дроны дапамагаюць ёй стрымліваць прасоўванне больш шматлікай расійскай арміі, але калі Расія страчвае тэрыторыі, яны звычайна пераходзяць у «шэрую зону», а не вяртаюцца пад поўны кантроль Кіева. «Шмат якія фактары, што стрымліваюць расійскае наступленне, адначасова ўскладняюць сітуацыю і для Украіны», – сказаў ваенны аналітык фінскай Black Bird Эміль Кастэхельмі.

Міністр абароны Міхаіл Фёдараў заявіў, што Украіна імкнецца да таго, каб страты Расіі штомесяц складалі не менш як 50 тысяч салдат, маўляў, гэта створыць для ворага такія «страты, якія ён не здольны вытрымаць» і «прымусіць да міру сілай». Цяпер страты акупантаў складаюць прыблізна 35 тысяч у месяц.

Акупанты рыхтуюць новае наступленне

Нядаўна ў СМІ з’явілася інфармацыя, што апошнім часам актыўнасць Расіі на Данбасе ўзрасла, што можа сведчыць пра паскарэнне наступлення. Украінскі афіцэр Максім Бакулін распавёў, што расійскія аперацыі па інфільтрацыі сталі больш эфектыўнымі. Па яго словах, каля трох тыдняў вясновая расліннасць дазваляе расійскім войскам перамяшчацца схавана, а больш сухое надвор’е дае магчымасць зноў выкарыстоўваць матацыклы замест перасоўвання пешшу. Пакуль «масіраванага наступлення» няма, сказаў Бакулін, але «ўсе пра гэта гавораць, гэта можа адбыцца».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках