Трамп хоча атрымаць астранамічныя $1,5 трыльёна на абарону
8- 3.04.2026, 14:34
- 1,986
Гэта блізка да сукупнага абароннага бюджэту ўсяго свету.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп хоча атрымаць на 2027 год астранамічны абаронны бюджэт у памеры 1,5 трлн даляраў. Для параўнання, у 2025 годзе, паводле дадзеных SIPRI, сукупны абаронны бюджэт усяго свету, за выключэннем ЗША, складаў 1,8 трлн даляраў.
І дасягнуць такіх мэтаў Трамп, цалкам магчыма, збіраецца з дапамогай крытыкі Украіны, піша Defense Express.
Так, паводле дадзеных Defense News, фармальна бюджэт нацыянальнай бяспекі складзе каля 900 млрд даляраў, але Трамп запатрабуе дадатковае фінансаванне ў межах ад 400 да 600 млрд даляраў.
Гэты механізм ужо выкарыстоўваўся летась, калі Кангрэс да ўзгодненых у бюджэце 892,6 млрд даляраў на падставе дадатковага запыту дадаў яшчэ 150 млрд даляраў.
Грошы з абароннага бюджэту павінны пайсці на фінансаванне Golden Dome і будаўніцтва лінкароў Трампа, а таксама на павелічэнне вытворчасці зброі і папаўненне выснажаных запасаў.
Пры гэтым эксперты Defense Express адзначаюць: менавіта апошні пункт можа стаць адным з галоўных інструментаў публічнага прасоўвання такіх выдаткаў — з дапамогай крытыкі дапамогі Украіне.
«Таму варта рыхтавацца да таго, што на Украіну неўзабаве абрынуцца патокі абвінавачанняў. І, вядома, у іх будуць узгадвацца міфічныя нібыта прадастаўленыя 350 млрд даляраў. Хоць афіцыйныя лічбы за ўсе гады супрацьстаяння поўнамаштабнаму ўварванню РФ — 67 млрд даляраў на ўзбраенне, яшчэ 31,5 млрд даляраў у якасці прамой падтрымкі бюджэту», — адзначаюць эксперты.