Ford кідае выклік Tesla
4- 3.04.2026, 14:14
- 2,104
Кампанія рыхтуе даступны электрамабіль-канкурэнт.
Кампанія Ford пацвердзіла распрацоўку новага даступнага электрамабіля, які павінен стаць канкурэнтам ключавым мадэлям Tesla — Model 3 і Model Y, піша Autoblog.
Кіраўнік кампаніі Джым Фарлі заявіў, што будучая мадэль будзе «радыкальна адрознівацца» ад усіх папярэдніх электрамабіляў брэнда. Паводле яго слоў, над праектам ужо некалькі гадоў працуе закрытая каманда інжынераў у Каліфорніі, у якую ўвайшлі спецыялісты з Tesla і аўтаспорту.

Ford таксама плануе пашырыць лінейку даступных аўтамабіляў: раней кампанія абвясціла пра выпуск пяці мадэляў таннейшых за $40 тысяч, уключаючы новы седан. Пры гэтым не выключаецца з’яўленне гібрыдных і EREV-версій (электрамабіляў з павялічаным запасам ходу) для розных рынкаў.
Чакаецца, што навінка будзе пабудавана на новай універсальнай платформе UEV, якая стане асновай для цэлага сямейства мадэляў — ад пікапаў да кросовераў і седанаў. Паводле слоў Фарлі, гэтая архітэктура можа стаць для кампаніі «момантам Model T», то бок сімвалам тэхналагічнага перазапуску.
Платформа прадугледжвае выкарыстанне больш даступных і даўгавечных батарэй тыпу LFP (літый-жалеза-фасфат), што дазволіць знізіць кошт аўтамабіляў — некаторыя з іх могуць каштаваць менш за $30 тысяч.
Пакуль няясна, ці ідзе гаворка пра адну мадэль ці адразу пра некалькі, але Ford відавочна мае намер умацаваць пазіцыі ў сегменце масавых электрамабіляў і кінуць прамы выклік Tesla.