26 красавiка 2026, Нядзеля, 20:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Расіі пачалі блакаваць доступ да інтэрнэту пад выглядам барацьбы з махлярствам

4
У Расіі пачалі блакаваць доступ да інтэрнэту пад выглядам барацьбы з махлярствам

Абмежаванні ўводзяць мабільныя аператары.

Расійскія мабільныя аператары пачалі масава абмяжоўваць доступ абанентаў да сусветнай сеткі, падключаючы без іх згоды паслугу «Абарона інтэрнэту». Як паведамляе Digital Report, новая опцыя, якая пазіцыянуецца як абарона ад махлярства і фішынгу, на справе блакуе не толькі «падазроныя рэсурсы», але і легальныя сайты, хмарныя сховішчы, карпаратыўныя шлюзы і нават серверы анлайн-гульняў. Абаненты найбуйнейшых аператараў раптоўна губляюць сувязь, пры гэтым не атрымліваючы зразумелага тлумачэння таго, што здарылася, піша выданне.

Аператары заяўляюць, што дзейнічаюць «на апярэджанне», а такія меры звязаныя з ростам колькасці махлярскіх сайтаў і спробамі абараніць кліентаў ад кіберзлачынцаў. Аднак апытаныя Digital Report юрысты профільных аб’яднанняў па абароне правоў спажыўцоў указваюць на прававую калізію: дзейныя правілы патрабуюць выразнай згоды абанента на змяненне набору паслуг, нават калі яны прадастаўляюцца бясплатна. Пры гэтым самі аператары, паводле звестак выдання, трактуюць укараненне фільтраў не як падключэнне дадатковай опцыі, а як «змяненне базавых параметраў бяспекі сеткі».

Спецыялісты па лічбавых правах бачаць у гэтай тэндэнцыі размыванне сеткавай нейтральнасці, бо аператар фактычна атрымлівае магчымасць самастойна вызначаць, да якіх рэсурсаў карыстальнікі могуць атрымаць доступ. Агульны курс на цэнтралізаваны кантроль трафіку, хутчэй за ўсё, захаваецца надоўга. У бліжэйшай будучыні мабільны інтэрнэт ад аператара будзе па змаўчанні ўяўляць сабой строга мадэраваную прастору, і каб выбрацца з яе, карыстальніку давядзецца валодаць сур’ёзнымі тэхнічнымі ведамі, адзначае DR.

Мабільны інтэрнэт у Расіі пачалі адключаць з мая 2025 года — тады пад выглядам барацьбы з украінскімі беспілотнікамі ўлады пачалі рэгулярна ладзіць шатдаўны, якія закранулі больш за 60 рэгіёнаў, падлічыў праект «На сувязі». Паводле даных Top10VPN, у 2025 годзе адключэнні закранулі амаль усё насельніцтва краіны — 146 млн чалавек, — а іх агульная працягласць склала 37 166 гадзін.

Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў заклікаў грамадзян быць гатовымі да працяглых шатдаўнаў і ў будучыні. На гэтым фоне, паводле даных аналітычнай платформы Sensor Tower, актыўная база карыстальнікаў толькі топ-5 VPN-сэрвісаў у Расіі вырасла ў 20 разоў — з некалькіх сотняў тысяч да 6 млн чалавек. Эксперты RKS Global тым часам прагназуюць, што поўны пераход на інтэрнэт паводле «белага спісу» ў Расіі можа адбыцца да 2028 года.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках