26 красавiка 2026, Нядзеля, 20:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

BBC: Прырода ў зоне ЧАЭС змянілася

1
BBC: Прырода ў зоне ЧАЭС змянілася

Навукоўцы гавораць пра мутацыі арганізмаў.

Сёння спаўняецца 40 гадоў з дня жудасных падзей на Чарнобыльскай АЭС. Насуперак чаканням многіх людзей, зона вакол станцыі не ператварылася ў радыяактыўную пустыню. Дзікая прырода тут квітнее. Але не дзякуючы радыяцыі, а насуперак ёй. Пра гэта гаворыцца ў публікацыі BBC.

Аўтары публікацыі адзначаюць, што пасля катастрофы 1986 года велізарная тэрыторыя вакол атамнай станцыі засталася без людзей у выніку абавязковай эвакуацыі. Менавіта гэты аспект з'яўляецца ключавой прычынай таго буяння дзікай прыроды, якое цяпер можна назіраць у Зоне адчужэння.

Навукоўцы, якія вывучаюць дзікі свет Зоны, канстатуюць, што радыяцыя насамрэч негатыўна ўплывае на мясцовыя арганізмы. Вядома, гаворка тут не пра монстраў з гульні S.T.A.L.K.E.R., але мутанты сапраўды сустракаюцца. Даследчыкі зафіксавалі дзіўныя, скрыўленыя дрэвы, ластавак з ракавымі пухлінамі і «жахлівы чорны грыбок, які насяляе ўнутры радыяактыўных руін будынка рэактара».

Навукоўцы мяркуюць, што ў Зоне адбываецца працэс паступовай адаптацыі жывых істот да існавання менавіта ў умовах высокай радыяцыі. BBC, у прыватнасці, прыводзіць прыклад дрэвавых жаб. Даследаванне, апублікаванае ў 2022 годзе, сведчыць, што жабы ў Зоне адчужэння ў сярэднім сталі цямнейшыя, чым прадстаўнікі таго ж віду па-за яе межамі. Гіпотэза палягае ў тым, што цёмны колер, які сведчыць пра больш высокі ўзровень меланіну ў целе, можа пэўным чынам дзейнічаць як ахоўны бар'ер ад радыяцыі. Аднак у навуковым асяроддзі працягваюцца дыскусіі, ці сапраўды гэта рэакцыя на высокую радыяцыю, а не на нешта іншае, напрыклад, на цяжкія металы, якімі Зона забруджаная не ў меншай ступені.

Падобныя дэбаты вядуцца і адносна генетычных зменаў у здзічэлых чарнобыльскіх сабак і мышэй на радыяактыўных палях вакол станцыі.

«[Лес вакол ЧАЭС] кішыць дрэвамі і дзікімі жывёламі, але ён не такі, якім быў да аварыі», – канстатавала радыёбіялог Кармель Мозерсилл, ганаровы прафесар Універсітэта Макмастэра (Канада).

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках