25 красавiка 2026, Субота, 20:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі падаражэюць таксі і маршруткі

2
У Беларусі падаражэюць таксі і маршруткі

Што цягне за сабой змяненне правілаў для перавозчыкаў?

У Беларусі зноў узмацнілі патрабаванні да нерэгулярных пасажырскіх перавозак. Гэта датычыць у тым ліку таксі і тых маршрутак, якія не ездзяць па вызначаным маршруце і раскладзе. У выніку перавозкі падаражэюць, перадае «Белсат».

Больш дакументаў, каб трапіць у рэестр перавозчыкаў

Указ «Аб аўтамабільных перавозках пасажыраў у нерэгулярных зносінах» 22 красавіка падпісаў Лукашэнка. Ім уносяцца шэраг змяненняў, звязаных з «Рэестрам аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах». Навацыі ўступяць у сілу праз паўгода.

Без уключэння ў гэты рэестр нерэгулярныя перавозчыкі не могуць працаваць у Беларусі. Паводле навацый, трапіць у рэестр стане складаней, а вось быць выключаным — прасцей. Пры гэтым уключэнне ў рэестр каштуе грошай.

Паводле правілаў, якія былі ўведзеныя ў 2024 годзе, каб трапіць у рэестр, трэба падаць пакет дакументаў пра транспартныя сродкі, вадзіцеляў, перавозчыка, дыспетчара і гэтак далей. Новым указам спіс патрабаванняў пашыраецца — патрэбныя яшчэ звесткі пра перыяды эксплуатацыі транспартных сродкаў і працу вадзіцеляў. Акрамя таго, улады хочуць збіраць і аператыўныя звесткі пра працу перавозчыкаў — звесткі пра прыём і перадачу заказаў.

Падатковая яшчэ мацней уплывае на статус у рэестры

Дзяржорганы атрымалі больш падстаў адмовіць перавозчыку ва ўключэнні ў рэестр. Раней туды маглі не ўключыць, калі транспарт або вадзіцелі не адпавядаюць патрабаванням. Напрыклад, няма тэхагляду або вадзіцель не можа прайсці медкамісію.

Цяпер у рэестр не ўключаюць і ў тых выпадках, калі перавозчык знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі. Калі перавозчык ліквідуецца і ўжо ёсць у рэестры, то актуалізаваць даныя ён таксама не зможа.

З рэестра могуць выключыць. Падстаў для гэтага і так было даволі шмат, напрыклад, праца вадзіцеля без медабследавання, перавозка пасажыраў на няспраўных машынах, падача недакладных звестак у падатковую і гэтак далей.

Раней таксама выключалі з рэестра за нявыплату падаткаў на суму больш за 1000 базавых велічынь, калі запазычанасць не пагашана на працягу двух месяцаў. Цяпер будуць выключаць у тым ліку, калі такі доўг ёсць у ФСАН.

Акрамя таго, новы ўказ патрабуе выключэння з рэестра, калі:

- кампанія не надала ў ФСАН дакументы індывідуальнага ўліку вадзіцеляў;

- не перададзены ў падатковыя органы дадатковыя дакументы, інфармацыя і тлумачэнні, не ўнесены выпраўленні ў падатковую дэкларацыю і дакументы, не перададзена падатковая дэкларацыя пасля паведамлення ад падатковай;

- у рэестр пададзены недакладныя звесткі;

- кампанія ўключана ў рэестр, але не працуе і не плаціць падаткі.

У выпадку нейкіх парушэнняў або недахопаў вадзіцеля або аўтамабіль могуць «заблакаваць» у рэестры, гэта значыць пэўны час яны не могуць прыцягвацца да працы. Тады, паводле новых правілаў, ніводзін перавозчык не можа працаваць з гэтым вадзіцелем або выкарыстоўваць «заблакаваную» машыну.

Пастаянны кантроль паездак

У Беларусі ад перавозчыкаў ужо патрабуюць, каб яны выкарыстоўвалі інфармацыйныя сістэмы і рэсурсы (сайты, дадаткі, платформы для заказу паездак і гэтак далей), якія размешчаныя на серверах у Беларусі і зарэгістраваныя там.

Цяпер да гэтага дадалося патрабаванне выкарыстоўваць толькі беларускія тэлефонныя нумары і сродкі электрасувязі, якія знаходзяцца і зарэгістраваныя ў Беларусі. Праца з іншымі рэсурсамі забараняецца.

Акрамя таго, фактычна ўводзіцца пастаянны лічбавы маніторынг бізнесу. Перавозчыкам давядзецца весці ўлік заказаў (выкананых і невыкананых), а таксама перадаваць гэтыя даныя ў рэестр штомесяц — да 10-га чысла.

На каго ўказ не распаўсюджваецца

Раней патрабаванні па працы ў рэестры не распаўсюджваліся на міжнародныя аўтамабільныя перавозкі пасажыраў. Цяпер яны не абавязковыя і для перавозак з мэтай ліквідацыі надзвычайных сітуацый, паездак, звязаных з працай выканкамаў і іх структур, устаноў адукацыі, цэнтраў па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый, а таксама спецыялізаваных транспартных арганізацый. Гэтыя навацыі пачынаюць дзейнічаць адразу пасля публікацыі ўказа, а не праз паўгода.

Верагодна, што кошт паслуг перавозчыкаў вырасце з-за дадатковых выдаткаў на выкананне ўсіх правілаў.

«Рэестр аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах» працуе ў Беларусі з жніўня 2024 года. Да 1 лістапада 2024 года трапіць у рэестр можна было бясплатна. Цяпер за ўключэнне ў базу аднаго вадзіцеля давядзецца заплаціць адну базавую велічыню, за кожны транспартны сродак — дзве, а за кожнага дыспетчара — сто базавых.

Увядзенне рэестра істотна зарэгулявала дзейнасць перавозчыкаў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках