Пашынян затроліў дыктатуру Пуціна
- 1.04.2026, 21:29
- 2,952
Прэм'ер Арменіі заявіў, што ў ягонай краіне няма палітвязняў і адсутнічае цэнзура ў інтэрнэце.
Прэм'ер Арменіі Нікол Пашынян заявіў на сустрэчы з дыктатарам Расіі Уладзімірам Пуціным, што ў турмах рэспублікі няма палітвязняў.
Так ён адрэагаваў на рэпліку расійскага дыктатара пра тое, што некаторыя з удзельнікаў унутрыпалітычных працэсаў у Арменіі знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, нягледзячы на тое, што ў іх ёсць расійскі пашпарт (ідзецца пра кіраўніка ГК «Ташыр» Самвела Карапецяна, які знаходзіцца пад хатнім арыштам і мае расійскі пашпарт — рэд.).
Прэм'ер запэўніў, што ў Арменіі дзейнічае дэмакратычная сістэма, і многія «нават скардзяцца на тое, што дэмакратыі зашмат». Ён таксама заявіў пра наяўнасць свабодных сацыяльных сетак у Арменіі, дадаўшы, што ў краіне «няма ніякіх абмежаванняў».
Што да ўдзелу ў выбарах, то, паводле ягоных слоў, па выніках парламенцкіх выбараў павінен быць абраны і прэм'ер-міністр. У гэтых выбарах могуць узяць удзел грамадзяне, якія маюць толькі армянскі пашпарт.
«Згодна з Канстытуцыяй Арменіі, людзі з расійскім пашпартам не могуць быць ні кандыдатамі ў дэпутаты, ні кандыдатамі ў прэм'еры», — заявіў Пашынян.
Разам з тым прэм'ер запэўніў, што армяна-расійскія адносіны пасля парламенцкіх выбараў у краіне будуць дынамічна развівацца.
«Упэўнены, што па выніках будучых выбараў дэмакратыя ў Арменіі і ўлада народа ў Арменіі яшчэ больш умацуюцца. І нашы адносіны таксама па выніках выбараў будуць і далей дынамічна развівацца», — заявіў Пашынян.
Парламенцкія выбары ў Арменіі прызначаныя на 7 чэрвеня.