Кітай пачаў у тры дарогі перапрадаваць расійскі газ
4- 1.04.2026, 20:22
- 2,246
Пекін вырашыў зарабіць на рэзкім росту цэнаў.
Кітай пачаў у рэкордных аб'ёмах перапрадаваць звадкаваны прыродны газ (ЗПГ) і зарабляць на цэнавым скачку, паведамляе Reuters. Пасля пачатку вайны ЗША і Ізраіля з Іранам цэны на ЗПГ у Азіі выраслі прыкладна на 85%. Ключавой прычынай стала парушэнне паставак праз Армузскі праліў, праз які праходзіць каля 20% сусветных патокаў ЗПГ.
Імпарт ЗПГ у Кітай таксама рэзка скараціўся: у сакавіку ён склаў 3,68 млн тон — мінімальны ўзровень з красавіка 2018 года. Але Кітай атрымлівае газ з Расіі і з уласнай здабычы. «Пастаўкі па трубаправодах і ўнутраная здабыча застаюцца стабільнымі», — адзначае аналітык Kpler Нельсан Сюн. У сакавіку Кітай перапрадаў да 10 партый ЗПГ — гэта максімальны месячны паказчык за ўсю гісторыю назіранняў (паводле даных ICIS, Kpler і Vortexa). З пачатку года Паднябесная перапрадала ўжо 1,31 млн тон ЗПГ (19 партый) супраць 0,82 млн тон за ўвесь 2025 год. Асноўныя напрамкі — Паўднёвая Карэя (10 партый), Тайланд (5), а таксама Японія, Індыя і Філіпіны.
Кітай зарабляе на арбітражы паміж сваімі таннымі доўгатэрміновымі кантрактамі з Расіяй і дарагім спотавым рынкам. Расійскі трубаправодны газ абыходзіцца Кітаю прыкладна ў $250 за 1000 куб. м. У той жа час спотавыя цэны ў Азіі выраслі да $830 за 1000 куб. м. Маржа Кітая пры перапродажы можа ўтрая перавышаць закупачную цану. Кожная стандартная пастаўка ЗПГ (каля 70 млн куб. м) можа прыносіць да $40 млн прыбытку.
Таксама Кітай са зніжкай купляў расійскі ЗПГ. «Новатэк» як мінімум з канца лета прадастаўляе кітайскім пакупнікам дысконт 30–40% на паліва з праекта «Арктык СПГ-2». Тэарэтычна гэта таксама можа павялічваць прыбыткі пры магчымай перапродажы.
Рост перапродажаў звязаны са зніжэннем унутранага попыту ў Кітаі. «На фоне слабога ўнутранага попыту пакупнікам выгадней перапрадаваць партыі за мяжу», — кажа аналітык ICIS Ван Юаньда. Амаль палова сакавіцкіх перапродажаў прыйшлася на тэрмінал Біньхай кампаніі CNOOC у правінцыі Цзянсу.