«Нафтавы параліч» на Балтыцы: Расія страчвае дзясяткі мільёнаў у дзень
- 1.04.2026, 16:45
Экспарт праз Усць-Лугу і Прыморск фактычна спынены.
Экспарт расійскай нафты і звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ) праз парты Усць-Луга і Прыморск на Балтыйскім моры сёння, 1 красавіка, быў спынены з-за атак Украіны. Краіна-агрэсар штодня страчвае дзясяткі мільёнаў долараў.
Пра гэта ў каментары Reuters заявілі ў Пагранічнай службе Фінляндыі.
«На дадзены момант вельмі нямногія танкеры адпраўляюцца з нафтавых партоў Прыморска і Усць-Лугі. Ідзе гаворка пра асобныя судны», — сказаў выданню кіраўнік аддзела марской бяспекі Пагранічнай службы Фінляндыі Мікко Хірві.
Як адзначаюць журналісты, у апошнія гады праз Балтыйскае мора штотыдзень праходзілі 40–50 танкераў з расійскай нафтай і ЗПГ. Такое прыпыненне экспарту расійскай нафты і ЗПГ стала самым сур'ёзным збоем у сучаснай гісторыі Расіі, другога па велічыні экспарцёра нафты ў свеце.
Старшы дарадца Банка Фінляндыі і спецыяліст па расійскіх энергетычных рынках Лаура Соланка адзначыла, што Расія можа страчваць больш за 70–75 млн долараў у дзень толькі з-за прыпынення экспарту нафты праз Балтыйскае мора.
Паводле яе слоў, да атак украінскіх беспілотнікаў Расія экспартавала больш за 2 млн бараляў нафты і нафтапрадуктаў за дзень праз Балтыйскае мора.