Беларусы паспрачаліся, як правільна гатаваць дранікі
8- 1.04.2026, 15:59
- 2,140
Мінскі гастрабар папрасіў рэцэпт галоўнай беларускай стравы.
«Прама цяпер наш кухар спрачаецца з дырэктарам, якія дранікі патрэбныя для нашага закладу (у нас будзе славянская кухня і, вядома, патрэбныя дранікі): адзін — за тонкія хрумсткія, другі — за мяккія таўсценькія! Дапамажыце», — такі пост разам з фота варыянтаў гатовай стравы з’явіўся у акаўнце мінскага гастрабара «Лампа» ў Threads.
У каментарыях пачалася гарачая дыскусія. Беларусы пачалі дзяліцца парадамі і рэцэптамі прыгатавання дранікаў. Большасць каментатараў сышлася ў меркаванні, што на абедзвюх фатаграфіях — не сапраўдныя дранікі.
«Ні першае, ні другое не з’яўляецца дранікамі», — напісаў адзін з іх.
«На фота не дранікі. Лепш хрумсткія, але на іншую тэрку. Тоўстыя звычайна бываюць з начынкай — калдуны, бульбяныя зразы», — падтрымаў яго іншы каментатар.
Даволі хутка высветлілася, што ўніверсальнага адказу на пытанне, як павінна выглядаць адна з самых вядомых нацыянальных страў нашай краіны, няма.
«Дыванныя эксперты. Гэта таксама дранікі. У Беларусі больш за 200 рэцэптаў дранікаў, у залежнасці ад рэгіёна», — напісаў карыстальнік пад нікам schipcoffff.
Дасталося аўтарам паста і за памылку ў назве краіны: яны напісалі яе праз літару «о»:
«Спадзяюся, няправільная назва нашай краіны — гэта няўдалы першакрасавіцкі жарт?»