Літоўскія перавозчыкі не могуць выкупіць фуры з Беларусі з-за санкцый
3- 1.04.2026, 15:45
- 1,066
Аплата стаянкі «Белтаможсэрвісу» забароненая ЕС, а без яе тэхніка не вяртаецца ўласнікам.
Літоўскія перавозчыкі апынуліся ў юрыдычным тупіку: вярнуць затрыманыя ў Беларусі транспартныя сродкі можна толькі пасля аплаты стаянкі, аднак любыя плацяжы на адрас кампаніі «Белтаможсэрвіс» падпадаюць пад санкцыі Еўрапейскага саюза і могуць лічыцца іх парушэннем. Пра гэта заявіла Служба расследавання фінансавых злачынстваў Літвы (FNTT), піша BNS.
Паводле дадзеных ведамства, забаронены не толькі прамыя пераказы, але і спробы разлічыцца праз пасярэднікаў або наяўнымі.
«Палажэнні рэгламента і закона дазваляюць сцвярджаць, што плацяжы падсанкцыйнай кампаніі «Белтаможсэрвіс» з'яўляюцца забароненым прадастаўленнем сродкаў. Аплата праз трэціх асоб таксама можа разглядацца як парушэнне забароны», — заявілі ў FNTT.
Там падкрэслілі, што санкцыйны рэжым абавязковы для ўсіх юрыдычных асоб ЕС і дзейнічае наўпрост ва ўсіх краінах Саюза.
Фуры вяртаюцца, але плаціць за іх нельга
Нягледзячы на абмежаванні, тэхніка паступова вяртаецца ў Літву. Паводле звестак Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, з пачатку мінулага тыдня да поўначы аўторка мяжу перасек 451 грузавік, раней затрыманы ў Беларусі. Паводле даных Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі на 31 сакавіка, рахункі за стаянку аплацілі больш за тысячу фур з літоўскай рэгістрацыяй. З іх каля 700 ужо выехалі ў Літву, яшчэ прыкладна 300 чакаюць выезду.
Усяго, паводле ацэнак беларускага боку, было затрымана больш за 1,9 тысячы грузавікоў і паўпрычэпаў, аднак у асацыяцыі перавозчыкаў LINAVA лічаць, што іх было больш.
Прэзідэнт LINAVA Эрландас Мікенас кажа, што галоўная праблема — немагчымасць разлічыцца за стаянку.
«Сітуацыя такая, што ў перавозчыкаў няма магчымасці бяспечна і належным чынам аплаціць. Без аплаты нам не аддаюць грузавікі», — падкрэсліў ён.
Паводле яго слоў, банкі не праводзяць плацяжы падсанкцыйнай кампаніі, а вываз наяўных еўра ў Беларусь забаронены.
«Гэтая кампанія знаходзіцца пад санкцыямі, таму літоўскія прадпрыемствы не могуць ёй плаціць — банкі не робяць пераказаў, а наяўныя ў еўра вывозіць нельга», — адзначыў Мікенас.
Пры гэтым нават альтэрнатыўныя спосабы аплаты праблему не вырашаюць. У FNTT удакладнілі, што перадача наяўных грошай у валюце ЕС у Беларусь таксама забароненая, а разлікі праз пасярэднікаў могуць лічыцца абыходам санкцый.
Паводле слоў Мікенаса, частка кампаній, верагодна, ужо здолела вярнуць тэхніку, аплаціўшы паслугі праз беларускіх партнёраў. Аднак такія схемы знаходзяцца ў «шэрай зоне»: «Але ці будзе гэта трактавацца як абыход санкцый — нам складана судзіць. Таму перавозчыкі занепакоеныя, задаюць пытанні і шукаюць дапамогу. Адказу ў нас няма».
У FNTT, са свайго боку, пацвярджаюць: і такія спосабы таксама могуць лічыцца парушэннем.
Даўгі дасягаюць 100 тысяч еўра
Фінансавая нагрузка на бізнес застаецца высокай. Паводле слоў кіраўніка LINAVA, сумы за захоўванне дасягаюць дзесяткаў тысяч еўра.
«Сумы ў перавозчыкаў складаюць і 50 тысяч, і 100 тысяч еўра і больш», — адзначыў ён.
Нават калі фармальна дазволена ўвозіць да 10 тысяч еўра наяўнымі (пры дэклараванні ў іншай валюце, напрыклад у доларах), гэтага недастаткова для пакрыцця запазычанасці. Акрамя таго, кампаніі баяцца штрафаў за парушэнне санкцый. Па ацэнцы Мікенаса, яны могуць быць супастаўныя з самімі плацяжамі.
«Калі шэсць тысяч еўра за грузавік заплаціць і забраць яго яшчэ мае сэнс, то за дванаццаць тысяч — ужо не», — лічыць кіраўнік асацыяцыі.
Перавозчыкі спрабуюць атрымаць тлумачэнні ад FNTT, каб пазбегнуць штрафаў, аднак выразнага механізму дзеянняў ім не прапануюць.
«Адказы вельмі простыя — плаціць нельга. Але як тады дзейнічаць — ніхто не кажа», — адзначыў Мікенас.
У самой службе не ўдакладнілі, ці вядуцца кансультацыі і ці існуе законны спосаб вырашэння сітуацыі.
«Перавозчыкі чатыры месяцы фактычна былі закладнікамі, і дагэтуль няма адказаў — гэта вельмі раздражняе», — дадаў кіраўнік LINAVA.