Латвія заклікала сваіх грамадзян не ездзіць у Беларусь
- 1.04.2026, 15:34
Ёсць небяспека вербоўкі і правакацый.
Служба дзяржаўнай бяспекі Латвіі (VDD) рэкамендуе грамадзянам устрымлівацца ад паездак у Беларусь і Расію на Вялікдзень, папярэджваючы пра высокія рызыкі разведвальных дзеянняў, вербоўкі і правакацый.
VDD адзначае, што патэнцыйнай мэтай спецслужбаў гэтых краін можа стаць любы чалавек, незалежна ад прафесіі, а магчымасці латвійскіх уладаў дапамагчы грамадзянам, якія апынуліся ў складанай сітуацыі за мяжой, абмежаваныя.
Калі паездка ўсё ж неабходная, VDD рэкамендуе:
не браць асабісты мабільны тэлефон з працоўнай або канфідэнцыйнай інфармацыяй — даныя могуць быць скапіяваныя на мяжы, а на прыладу можа быць усталявана шпіёнскае ПЗ; лепш узяць асобны тэлефон з папярэдне аплачанай SIM-картай і пазбавіцца ад яго пасля паездкі;
не браць ноўтбук і іншыя носьбіты даных.
Служба таксама папярэджвае, што спробы вербоўкі могуць адбывацца ўжо на мяжы. Супрацоўнікі спецслужбаў могуць прадстаўляцца памежнікамі або работнікамі іншых органаў і задаваць пытанні пра:
палітычную і эканамічную сітуацыю ў Латвіі, інфраструктуру прыгранічнай зоны і аб’екты НАТА;
ваенную і гуманітарную дапамогу Латвіі Украіне, стаўленне грамадства да Украіны і ўкраінцаў;
асабістыя даныя: палітычныя погляды, месца працы, кантакты сваякоў і сяброў, фінансавае становішча, стаўленне да Расіі, Украіны, НАТА і ЕС.
Акрамя таго, спецслужбы могуць чыніць ціск, выстаўляючы абвінавачанні ў парушэннях або злачынствах і прапаноўваючы супрацоўніцтва ў абмен на вызваленне ад адказнасці або паскоранае праходжанне памежнага кантролю.