Пад Пуціным пахіснулася
2- Юрый Федарэнка
- 1.04.2026, 14:32
- 3,862
Насельніцтва Расіі выходзіць са стану «баявога трансу».
У РФ працягваюць зніжацца рэйтынгі ўлады. Паводле звестак Усерасійскага цэнтра вывучэння грамадскай думкі, дзейнасць урада адобраюць толькі 42,6% расіян (мінус 2,8 працэнтнага пункта за тыдзень). Таксама падае ўзровень падтрымкі кіроўнай партыі «Адзіная Расія» — да 29,3% супраць 33,8% у сярэдзіне студзеня.
Узровень адабрэння «дзейнасці прэзідэнта» застаецца адносна высокім — каля 70%. Але, па‑першае, гэта на два працэнтныя пункты менш, чым тыднем раней. Па‑другое, у лютым назіралася падобная дынаміка: рэйтынг даверу таксама прасеў на некалькі пунктаў. Гэта дае падставы казаць пра ўстойлівую, доўгатэрміновую тэндэнцыю.
Па‑трэцяе — і гэта галоўнае — ніжэй за цяперашнія паказчыкі рэйтынг Пуціна апускаўся толькі да пачатку поўнамаштабнага ўварвання. Гэта азначае, што насельніцтва Расіі паступова выходзіць са стану «баявога трансу». Да сапраўднага прасвятлення яшчэ далёка, але першыя сумненні ў «непамылковасці» Крэмля ўжо з’яўляюцца.
У той жа час варта памятаць: любое апытанне ў таталітарным грамадстве не адлюстроўвае поўнай карціны. Нават калі сацыёлагі фармальна трымаюцца методыкі (што само па сабе пад пытаннем), шчырасць рэспандэнтаў застаецца сумнеўнай.
Паводле меркавання сацыёлагаў, галоўным трыгерам падзення даверу ў сакавіку сталі адключэнне мабільнага інтэрнэту і блакіроўка Telegram. На гэтым фоне адбыліся нават адзінкавыя пратэсты. Спробы арганізаваць мітынгі зафіксаваныя ў 26 гарадах РФ. У большасці выпадкаў усё заканчвалася затрыманнямі: сілавікі саджалі невялікія групы пікетнікаў у аўтазакі. У прыватнасці, у Маскве на Балотнай плошчы затрымалі больш за дзесяць чалавек.
Пакуль няма падстаў лічыць, што гэтыя акцыі перарастуць у паўнавартасны грамадскі супраціў. Рэжым гадамі сістэмна зачышчаў палітычную прастору. Большасць так званых «апазіцыйных лідараў» або ў выгнанні, або ў турмах, або ўжо забітыя. У выніку цяперашнія пратэстоўцы пазбаўленыя лідарства, ідэалогіі і выразнай праграмы дзеянняў.
Тэарэтычна можна ўявіць «лінейную» дынаміку, калі пратэст паступова нарастае, як сняжны камяк. Але гэта малаверагодна. Сацыяльныя працэсы, як правіла, развіваюцца не раўнамерна, а хвалямі.
Сёння рэжым мае дастаткова рэсурсаў, каб падавіць асобныя ўсплёскі незадаволенасці. Ён працягвае зачыщаць прастору ад «нежаданых элементаў» і манапалізуе інфармацыйныя патокі.
Але ёсць іншая, больш глыбінная дынаміка. Рэйтынгі будуць падаць, а «маўклівая незадаволенасць» — назапашвацца: кухонныя размовы, раздражненне, стомленасць, адчуванне безвыходнасці. Паралельна будуць абвастрацца эканамічныя, сацыяльныя, этнічныя і экалагічныя праблемы. Гэта азначае, што за адной хваляй непазбежна прыйдзе іншая — больш моцная.
Сацыёлагі добра ведаюць: адсутнасць дэмакратычных інструментаў і немагчымасць «выпусціць пар» законным шляхам з цягам часу прыводзяць да радыкалізацыі. Механізм разбурэння недаімперыі ўжо запушчаны — і гадзіннік цокае. Мы не ведаем, якім менавіта будзе сцэнар распаду гэтай «турмы народаў», але дакладна ведаем: вайна на знясіленне паскарае гэты гістарычны працэс.
Толькі пасля падзення нашага векавога ворага ўкраінцы змогуць адчуваць сябе ў бяспецы. Мы робім усё магчымае, каб нашым дзецям і ўнукам больш ніколі не пагражала нашэсце з Усходу. Трымаем строй. Рухаемся далей. Слава Украіне!
Юрый Федарэнка, «Фэйсбук»