Лідэра гурта «Палац» прысудзілі да трох гадоў калоніі
8- 4.03.2026, 19:30
- 4,776
Алега Хаменку судзілі за выпускі музычных праграм.
Лідэра гурта «Палац» Алега Хаменку прысудзілі да трох гадоў калоніі і штрафу ў памеры больш за 20 тысяч рублёў за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Пра гэта паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ).
Прысуд 4 сакавіка вынес Мінскі гарадскі суд. Хаменку судзілі паводле арт. 361−4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) за супрацоўніцтва з рэдакцыяй «Беларускае Радыё Рацыя». Падчас суда, які пачаўся 19 лютага, на экспертызу былі накіраваныя выпускі музычных праграм Хаменкі на радыёстанцыі.
Алег Хаменка — музыка, радыёвядучы, выкладчык, кампазітар, культуртрэгер, прадзюсар. Лідар фолк-мадэрн гурта «Палац». Пра яго затрыманне стала вядома напрыканцы чэрвеня 2025 года. Пазней праваабаронцы паведамілі, што ў дачыненні да Алега Хаменкі ўзбудзілі крымінальную справу за супрацоўніцтва з незалежным беларускім медыя, якое ўваходзіць у спіс «экстрэмісцкіх» фармаванняў.