4 сакавiка 2026, Серада, 10:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Лукашэнку абклалі з усіх бакоў»

7
«Лукашэнку абклалі з усіх бакоў»

Дыктатару сапраўды страшна.

Палітычны аналітык інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандр Класкоўскі у каментары «Філіну» распавёў пра патэнцыйныя пагрозы, паміж якімі цяпер лавіруе кіраўнік Беларусі.

— Лукашэнка сапраўды толькі праз суткі пасля навіны пра гібель Хаменеі адрэагаваў і значна мякчэй, чым Пуцін (кіраўнік РФ назваў яго смерць «забойствам, учыненым з цынічным парушэннем усіх нормаў чалавечай маралі і міжнароднага права» — рэд.), — кажа Аляксандр Класкоўскі пра тое, чым можа быць абумоўленыя паводзіны беларускага кіраўніка ў апошнія дні. — У пасланні кіраўніка абмаляваныя толькі нейкія ананімныя ворагі, «вераломная атака», але чыя — незразумела.

Усё максімальна зарэтушавана. Мяркую, што Лукашэнка і яго набліжаныя доўга падбіралі словы.

З аднаго боку, трэба было выканаць нейкі мінімум у плане спачуванняў, бо з іранскім рэжымам даўно і шчыльна падтрымліваецца партнёрства. І гэта не столькі гандаль, колькі ідэалагічная блізкасць.

Успомнім, што і сам Лукашэнка раней быў адным з пылкіх аблічальнікаў «амерыканскага гегемона», «амерыканскай ваеншчыны».

У яго, як вядома, ёсць і асобны пунцік у частцы трагічнага фіналу дыктатараў. Відавочна, Лукашэнка праектуе на сябе іх лёс — і Мілошавіча, і Хусейна, і Кадафі.

У свой час ён прытуліў Бакіева, скінутага прэзідэнта Кыргызстана. І наконт Мадура ён прапаноўваў «ідэальны план», але Вашынгтон яго не паслухаў.

З іншага боку, рэакцыя Лукашэнкі была запазненай і даволі прыглушанай, таму што ён вымушаны наступаць на горла ўласнай песні. Ён баіцца раззлаваць Трампа.

І не хацеў бы сарваць перамовы пра так званую «вялікую здзелку», якая, магчыма, прадугледжвае далейшае зняцце амерыканскіх санкцый.

З іранцамі нібыта Трамп таксама вёў дыялог, перамовы ішлі ў Жэневе і ўжо нават гучалі словы, што бакі набліжаюцца да нейкай здзелкі. І раптам літаральна праз пару дзён — гэты ўдар.

То-бок Лукашэнка бачыць, што Трамп успыльчывы і непрадказальны. Вось не спадабалася яму, як ідуць перамовы, палічыў, што іранцы мала ўступаюць, — і ўдарыў.

— З Беларуссю наўрад ці падобнае магчыма.

— Зразумела, Трамп не стане бамбіць Мінск або Дразды і не будзе адпраўляць свой спецназ для захопу. Але нашкодзіць ён усё роўна можа.

Лукашэнка таксама нібыта вядзе перамовы з амерыканцамі. І ў гэтым кантэксце скласці пасланне з нагоды смерці Хаменеі — гэта толькі тэхнічны момант.

А вось як сябе весці далей у гэтых перамовах? Лукашэнку ж хочацца атрымаць максімум — і зняцце санкцый, і, можа быць, каб Вашынгтон націснуў на Літву з нагоды транзіту калію.

А яшчэ — прага легітымізацыі, а не проста гандаль: санкцыі ў абмен на вязняў рэжыму. У яго ж ёсць гэты «камплекс нелегітымнасці».

Лукашэнка не хоча страціць і жаданыя знакі ўвагі ад Трампа. А як ён хацеў паляцець на саміт Рады міру! Але з Масквы, як вядома, стрымалі. І вось ён бачыць: будзеш вельмі ўпірацца — Трамп можа ўспыхнуць.

Яшчэ адзін непрыемны фактар — літаральна напярэдадні сваю палітыку да яго рэжыму ўзмацніў Зяленскі. Атрымліваецца, што цяпер Лукашэнка абкладзены з усіх бакоў.

Акрамя таго, мне здаецца, іранскія падзеі маглі прымусіць кіраўніка задумацца над тым, наколькі ўстойлівы яго рэжым. Бо рэжым аятол, урэшце, не назавеш персаналісцкай дыктатурай.

Там і духоўны лідар, і прэзідэнт, і парламент, і цэлыя дзве арміі, уключаючы КВІР, створаны спецыяльна на выпадак розных узрушэнняў.

А ў Беларусі — персаналісцкая дыктатура: знікае Лукашэнка — і ўсё разваліцца. То-бок ён гнаўся за неабмежаванай уладай, у выніку стварыў сістэму, якая трымаецца на адным цвіку.

— Паплечнікі, вы яксьці ўжо казалі, ратаваць Лукашэнку наўрад ці будуць. Падобнае мы, дарэчы, назіралі і пры ліквідацыі іншых дыктатараў. Таксама бачым, што і Пуцін не спяшаецца на дапамогу нікому са сваіх сяброў.

— Пуцін Лукашэнку наўрад ці будзе ратаваць. Але Беларусь — гэта стратэгічны плацдарм ці «балкон», як яны называюць. То-бок асабіста за Лукашэнку расіяне ваяваць не будуць, але саступаць гэтую тэрыторыю не хочуць, вядома.

І ў Крамля сапраўды можа быць свой сцэнар, калі там палічаць, што Лукашэнка занадта састарэў або занадта загуляўся на заходнім вектары, напрыклад.

Яны могуць правесці сваю спецаперацыю, і людзі з прарасійскімі поглядамі, якія атачаюць кіраўніка, лёгка яго здадуць. Я б нагадаў яшчэ і пра нядаўнія сігналы Масквы, што гучалі як намёкі: маўляў, Захад хоча ўчыніць новы пераварот у Беларусі.

Не выключаю, што гэта Масква такім чынам міжволі выдае свой план, які я называю «беларускі Гляйвіц». То-бок расійскія спецслужбы могуць справакаваць нейкі інцыдэнт і потым вырашыць пытанне транзіту ўлады ў Беларусі на сваю карысць.

— Вы пералічылі некалькі фактараў, якія Лукашэнка можа разглядаць як патэнцыйную пагрозу. Які з іх найбольш верагодны, на ваш погляд?

— Што да Трампа, паўтару, непасрэднага ўдару або нейкай аперацыі Лукашэнка наўрад ці баіцца. Хутчэй, апасаецца ўпушчанай выгоды, рызыкуючы застацца ізгоем, непажаданым на Захадзе. Раптам забліснуў праменьчык надзеі — і вось ён можа згаснуць.

Ёсць падставы апасацца ўкраінцаў. Бо яны неаднойчы пераходзілі чырвоныя лініі, акрэсленыя Масквой: і заходзячы на тэрыторыю РФ, і калі пачалі біць углыб Расіі на тысячы кіламетраў.

Раней Лукашэнка мог думаць, што з Кіевам ёсць негалосныя дамоўленасці, але, відаць, цяпер Пуцін яго падштурхоўвае да таго, каб з Беларусі зыходзіла большая пагроза для Украіны.

Сваім «Арэшнікам» і іншым ён падстаўляе Лукашэнку пад адказны ўдар. Гэта нельга ігнараваць, тым больш ведаючы, як моцна ўкраінцы прасунуліся ў плане дронаў і стварылі сваю ракету.

А Пуціна ён баіцца ўжо не столькі ў плане страты ўлады, колькі за жыццё. Іншая справа, што выкручвацца і лавіраваць — гэта спосаб яго існавання.

Але цяпер Лукашэнка зайшоў занадта далёка. Хутчэй за ўсё, разумее, што пры шаленай смаге ўлады настаў момант падумаць пра тое, каб уратаваць сябе і сваю сям'ю.

Ён ужо не зможа проста так сядзець на троне і ўсімі камандаваць. Іх сямейны клан назапасіў вялікія багацці, разросся, там ужо шмат унукаў.

І вось Лукашэнка нарабіў столькі спраў, што трэба вельмі моцна лавіраваць, каб і самому фізічна ўцалець, і за блізкіх, думаю, яму ўжо страшна. Асабліва назіраючы за тым, што адбываецца з членамі сем'яў дыктатараў, з якімі ўдалося расправіцца.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках