Зліць ці не зліць — вось у чым пытанне?
4- Уладзімір Пастухоў
- 27.03.2026, 15:13
- 3,036
Галоўны выбар Трампа.
Сітуацыя, якая ўзнікла ў сувязі з пачаткам амерыканска-ізраільскай агрэсіі супраць Ірана (доўга думаў, перш чым выбраць менавіта гэтае слова, разумеючы наступствы, — але нават калі агрэсія апраўданая, яна не перастае быць агрэсіяй), выглядае надзвычай проста, і ў гэтым уся яе падласць: зліць ці не зліць — вось у чым пытанне?
Хуткае спыненне вайны любым спосабам здаецца ўсім (акрамя ізраільцян і Трампа) такім жаданым і відавочным рашэннем, што склаўся абсалютны кансэнсус, згодна з якім менавіта так Трамп і паступіць, то-бок выйдзе з вайны да канца красавіка хоць тушкай, хоць пудзілам, а перамогай абвесціць што заўгодна. Ніхто нават не дапускае думкі, што вайна будзе доўжыцца даўжэй за сярэдзіну мая, бо яе эканамічныя наступствы ў такім выпадку ўяўляюцца катастрафічнымі ў планетарным маштабе. Тыпу: гэтага не можа быць, бо гэтага не можа быць ніколі.
Вядома, усе таксама лічаць, што і для самога Трампа не можа быць нічога лепшага, чым неадкладнае спыненне вайны на любых умовах. Вайна не карыстаецца асаблівай папулярнасцю ў самой Амерыцы («не торкае»). Пакуль яе не заўважаюць так жа, як напачатку ў Расіі не заўважалі СВА, і гэтак жа, як у Расіі, не спяшаюцца ператвараць яе ў амерыканскую айчынную вайну. Калі да таго ж пачнуць адбывацца рознага кшталту «непрыемнасці» ў выглядзе росту цэн на паліва, а тым больш абвалу біржавых каціровак, то шанцы страціць восенню Палату прадстаўнікоў і Сенат стануць катастрафічна высокімі. Таму паліттэхнолагі аднадушныя ў меркаванні, што Трампу трэба выскачыць з вайны да пачатку электаральнай гонкі.
Усё верна, усё сыходзіцца ў адной кропцы, але я стаўлю сябе на месца Трампа і разумею, што асабіста я б не сыходзіў. Я не ведаю і нават не спрабую рабіць выгляд, што здагадваюся, што з гэтай нагоды думае Трамп. Але магу ўявіць, як, знаходзячыся ў аналагічнай пазіцыі, разважаў бы я. Пачаў бы я з таго, што прадугледзеў два сцэнары.
У першым сцэнары іранцы згодныя спыніць вайну, калі з яе выходзіць Амерыка, і кідаюць Трампу костку ў выглядзе адмовы, хай і сімвалічнай, ад паўнавартаснай ядзернай энергетыкі, якая дазваляе хутка прасунуцца ў стварэнні атамнай бомбы. Такую костку я, безумоўна, у склаўшайся сітуацыі прыняў бы — на безрыб'і і рак рыба.
У другім сцэнары Іран «бычыцца» і нічога Трампу не абяцае — ні спынення агню, ні атамнай костачкі. На думку «дарадцаў», якія больш думаюць пра ўласны дабрабыт, чым пра палітычны дабрабыт Трампа, у гэтай сітуацыі трэба выходзіць, кідаючы «абозы» (Ізраіль і арабскіх саюзнікаў) на волю лёсу. Але як на мяне — гэта адкладзены прысуд. Так, рынкі, магчыма, не рухнуць, і ў першыя пару тыдняў можна будзе марочыць галовы абывацелям Кубай, Грэнландыяй або Украінай. Але далей усведамленне таго, што Амерыка пацярпела паразу ў вайне з Іранам, роўную па сваёй прыніжальнасці толькі паразе ў в'етнамскай вайне, вернецца страшным электаральным бумерангам.
Сябры ў Заліве і Ізраілі стануць тваімі зацятымі ворагамі, бо ты разварушыў асінавае гняздо і ўдрапаў з пасекі, твае ворагі дома, нарэшце, атрымаюць магчымасць біць цябе на тваім жа полі ўжо са свайго боку, заклікаючы зрабіць Амерыку «Great again». Цябе затопчуць — не адразу, але непазбежна.
Не ведаю, як Трамп, але асабіста я сысці без капітуляцыі Ірана, хаця б частковай, не адважыўся б. Сітуацыя ў Заліве «копіпасціць» сітуацыю ў Еўропе, дзе Пуцін захрас ва Украіне. І там, і там ідзе гульня з нулявой сумай. Або капітулююць аяталы, або Трамп. Любы кампраміс магчымы, але кубак пераможцы застанецца толькі ў аднаго. Таму Трампу патрэбны ўласны Данбас — сімвалічная адмова Ірана ад ядзернай зброі. Без гэтага ён палітычны труп. На яго месцы, калі Іран не зміргне, я рызыкаваў бы і ўвязваўся ў наземную аперацыю.
Уладзімір Пастухоў, Telegram